Настаўнік гісторыі Фёдар Радзівонаў: Размаўляйце са сваімі дзецьмі штодня

Прапануем вытрымкі з інтэрв'ю настаўніка гісторыі і грамадазнаўства мінскага ліцэя №2 Фёдара Радзівонава (аўтар Вольга Паклонская, "Звязда")

 

 

Крыніца чыстай вады
— Я не выбіраў прафесію педагога. Атрымаў ваенную адукацыю. Але ў дыпломе запісана і грамадзянская спецыяльнасць — «настаўнік гісторыі і грамадазнаўства». І вось пасля развалу Савецкага саюза часова вырашыў уладкавацца ў гімназію № 1 Мінска, каб завочна скончыць юрфак БДУ, плануючы звязаць жыццё з юрыспрудэнцыяй. Але «чалавек мяркуе, а Бог распараджаецца». Дзеці мяне літаральна «прымагніцілі» да сябе сваёй наіўнасцю, адкрытасцю, непасрэднасцю, юнацкім максімалізмам, адсутнасцю крывадушнасці. Я ўжо шмат чаго ў жыцці бачыў, праз шмат што прайшоў і «прыпаў» да вучняў, як падарожнік у пустыні прыпадае да крыніцы чыстай вады. Вяртацца ў свет выключна дарослых адносін не захацелася. Проста не змог адмовіцца ад раскошы зносін з дзецьмі. Безумоўна, з імі бывае складана, да іх часам цяжка дастукацца, шмат чаго мяне ў іх трывожыць, і ўсё ж раніцай спяшаюся на сустрэчу з імі. Два гады таму мне прыйшло ў галаву браць інтэрв’ю ў сваіх вучняў і захоўваць гэтыя запісы. Думаю, праз пэўны час ім будзе вельмі цікава параўнаць сябе, дарослых, з 17-летнімі падлеткамі. Юнакі і дзяўчаты ахвотна згаджаюцца адказваць на мае пытанні. І часам такія аналітычныя заключэнні, такія глыбокія думкі ад іх чую, што варта было б многім дарослым павучыцца.

 

 

Падняць аўтарытэт педагога
— Сучасная школа знаходзіцца не ў лепшай форме. І па кадрах і па матывацыі — галоўнаму складніку вучэбна-выхаваўчага працэсу. На жаль, у сістэму сярэдняй школьнай адукацыі не жадаюць ісці маладыя спецыялісты, тут вельмі мала мужчын. А для выхавання паўнацэнных асоб мужчын і жанчын у школьных калектывах у ідэале павінна быць пароўну. Каб падняць аўтарытэт настаўніка, трэба шмат што мяняць, і я кажу не толькі пра падвышэнне заробкаў, але і пра стаўленне грамадства. Зносіны бацькоў і выкладчыкаў, на жаль, сёння будуюцца на ўзаемных прэтэнзіях. Гэтыя разборкі адбіваюцца на дзецях: яны вучацца маніпуляваць дарослымі. Многія падлеткі і маладыя людзі з пагардай ставяцца да прафесіі педагога, і гэта пагражае сур’ёзнымі непрыемнасцямі ў будучыні. Прафесіі педагога, урача, культурнага работніка трымаюцца на тых, хто прыйшоў туды па прызванню, хто ўкладае душу ў сваю працу. Дзеці зачароўваюцца не прадметам, а педагогам, які яго выкладае. І калі сыдуць найлепшыя носьбіты традыцый настаўніцтва, хто прыйдзе ім на змену?

Вучыць думаць
— Лічыцца, што ў школу прыходзяць перш за ўсё атрымліваць веды. Але сёння значна важней сфарміраваць навыкі таго, як і дзе самастойна браць веды, фільтраваць іх, навучыць дзяцей крытычна думаць і падказаць арыенціры, на якія трэба абапірацца, каб жыць у гэтым складаным свеце і не згубіць сябе. Імкнуся не столькі нагрузіць інфармацыяй, колькі даць методыку самаадукацыі і саманавучання. Чым больш чалавек развівае крытычнае мысленне, вучыцца чуць іншага суразмоўцу, тым больш памяркоўным і велікадушным ён становіцца. Даўно заўважана: шэрыя, недалёкія людзі амаль заўсёды агрэсіўныя. Школа, безумоўна, павінна не толькі адукоўваць, але і выхоўваць. І тут таксама заўсёды важна, хто займаецца гэтым працэсам, ці давяраюць дзеці свайму настаўніку, ці лічаць яго аўтарытэтам. Нашы нашчадкі не вырастуць патрыётамі толькі ад таго, што ім будуць увесь час паўтараць: так трэба. А вось калі яны даведаюцца пра свае карані, калі ім раскажуць пра продкаў, калі на іх шляху сустрэнуцца людзі, якія працягнуць руку дапамогі ў цяжкую хвіліну, яны абавязкова пакахаюць зямлю, на якой нарадзіліся.

Трывожныя тэндэнцыі
— Пытанне ментальнага выбару чалавека вечнае. Мае вучні з пакалення 2000-х гадоў часта казалі пра каханне, сяброўства, адданасць як пра важныя і дарагія для іх каштоўнасці. Цяпер многія старшакласнікі гэтага саромеюцца. Большасць пераканана ў тым, што галоўная ўмова дасягнення шчасця і галоўны крытэрый сапраўднай асобы — кар’ера і грошы, бо яны прыносяць незалежнасць і павагу. Па «эфемерных рэчах», да якіх адносяць сяброўства і каханне, гаворачы мовай сучасных тынэйджараў, яны «не замарочваюцца». І мяне гэта надзвычай непакоіць. Чалавек — істота біасацыяльная. У яго праграме закладзена нараджаць тых, хто прадоўжыць жыццё, у тым ліку і жыццё духоўнае. Без духоўнага складальніка людзі ператвараюцца ў вавёрак, якія бягуць у коле, забыўшыся, куды і навошта. На жаль, у нашым грамадстве намецілася трывожная тэндэнцыя — да самаізаляцыі, адасаблення. Мы бачым у іншых людзях не аб’ект для цікавасці і кахання, а патэнцыйнага суперніка, канкурэнта. На мой погляд, маскіруючыся імкненнем да асабістай прасторы і свабоды, губляем вельмі каштоўнае ў жыцці — стаўленне чалавека да чалавека.

Што дапамагае перажыць «чорныя палосы»

— Універсальнага рэцэпту, як перажыць крызісы — і асабістыя, і грамадскія — я не ведаю. Кожны шукае свой выратавальны круг, сваю апору ў перыяды «чорных палос». Нехта знаходзіць іх у мастацтве і творчасці, нехта ў людзях. Сёння вера ў Бога лічыцца сховішчам слабакоў і няўдачнікаў. Але асабіста мне, былому савецкаму палітработніку, пераадолець жыццёвыя выпрабаванні, падняцца літаральна з «руін», у свой час, апроч сям’і, дапамагла менавіта Вера. Гэта мяне і сёння ратуе. Часы не выбіраюць. Гісторыя развіваецца па спіралі. «Цяжкія часы» наступаюць, на мой погляд, калі людзі адмаўляюцца ад Бога, ад маральных каштоўнасцей, якія стагоддзямі фармавалі нашы продкі. Цяжкія часы, безумоўна, прыносяць шмат болю, слёз, пакідаюць раны — і на целе, і ў душах. Але яны і зрываюць маскі з людзей: становіцца відавочным, хто ёсць хто. Менавіта ў такія эпохі з’яўляюцца моцныя, пасіянарныя асобы. Наш час, як мне здаецца, падахвочвае глыбей зазірнуць у сябе, свае душы, пачысціць іх ад смецця, бруду і намеціць праграму асабістага выратавання і адраджэння...

Чытайце цалкам артыкул Вольгі Паклонскай тут: https://zviazda.by/be/news/20221118/1668782398-raskazvaem-yak-kadravy-vayskovec-planuyuchy-papracavac-u-shkole-god
Фота Вольгі Паклонскай