Дзённік настаўніцы. 17-18 лістапада

Ганна Севярынец
18.11.2022

Прыгожы сёлета атрымаўся Гедройць) Віншаванні Валеры Гапееў і @Вольга Гапеева, і самыя найшчырыя –  Siarhiej Ablamiejka з шыкоўнай кнігай пра зніклы Менск, якраз зараз яе і чытаю) Вельмі раю ўсім сёлетняга пераможцу, тым больш што "Невядомы Менск. Гісторыя знікнення" ёсць у агульным доступе ў сеціве)

Гэты верш напісаны пяць год таму, і зусім з іншай нагоды, але вось як яно бывае. 

Гэты горад,

Заліты вадою і сонцам,

Дзе пад брукам ляжаць нерухома легенды і сны,

Дзе аблокі звіваюцца ў горы,

Дзе хваля на небе бясконцым

Калыхае і мары, і мроі, і планы вясны,

Гэты горад,

Нібыта знаёмы, але невядомы,

Герадотава мора паданняў, забытых наноў,

З неаплаканым горам,

Начыста разбураным домам,

Ля якога на снезе квадратамі пыл дываноў,

Светлафоры,

Масты, пераходы, пляцоўкі і лесвіцы,

Дзе нібыта знікае калісьці ўжо знойдзены сэнс,

Гэты горад,

У якім мы нарэшце з табою сустрэнемся,

Будзе звацца каротка і памятна –  

Менск.

19.05.18