Дзённік настаўніцы. 22 лістапада

Ганна Севярынец
22.11.2022

Гэта падсвечнік, Івянецкая кераміка. Ён мае просценькую, але ўсё ж гісторыю) Апошнім часам я пачала моцна захапляцца вельмі простымі гісторыямі, без экшну.

Дык вось падсвечнік. Мы былі з экскурсіяй у Івянцы, вазіў нас Paval Karaliou , і па сваёй завядзёнцы, проста ідучы па вуліцы, падымаў з-пад ног то кафлю васямнаццатага стагоддзя, то кавалак гарлачыка часоў Усяслава Чарадзея, ну, як ён умее. А я так не ўмею, але заўсёды ўпадаю у нейкае светлае шаленства, калі такое ўменне назіраю.

І вось калі мы прыйшлі ўжо ў майстэрню да ганчароў, у мяне ўнутры Івянецкая кераміка склалася ў нейкі фантом, феціш і мару. Вырабаў там было шмат, але я адразу вычапіла гэты падсвечнічак, і імгненна закахалася.

А калі ты закаханая, у цябе моцна абвастраюцца ўсе пачуцці, і я літаральна спінай адчула, што некаторыя экскурсанткі таксама зацікавіліся менавіта гэтай няхітрай штучкай.

І я зрабіла тое, чаго ніколі і ў ніякіх выпадках не раблю. Ніколі. Для мяне гэта заўсёды ўспрымалася як вялікае прыніжэнне. Але каханне маё было такім моцным, што я хуценька распіхала групу, пралезла ўперад, карыстаючыся тым, што людзі мяне ведалі і не сталі замінаць, і літаральна выхапіла з рук ганчара гэты падсвечнічак.

Мне было жах як сорамна! Але я была такая шчаслівая!

Ну, далей ўсю экскурсію я хадзіла і трэслася за свой падсвечнічак, каб ён не пабіўся, ехала з ім у абдымку ў аўтобусе, метро, электрычцы, ішла на дыбачках дадому, і разбіла ўжо дома, калі ставіла на стол.

І ён, бедны, ператварыўся ў тыя чарапочкі, якія Павал падымаў у Івянцы з-пад ног)

Я потым яго клеіла, сабрала да апошняй пылінкі, і толькі дзе-нідзе не здолела наклеіць пакрыццё, яно разлезлася ў руках, паставіла ля ноўтбука і цяпер валодаю ім бескарысна, у тым сэнсе, што ніякай карысці мне з яго няма - у нас няма завядзёнкі паліць свечкі))

А цяпер туды насыпаліся апошнія дачныя ружы, і ён зноў хвалюе мне сэрца)