Дзяніс Казлоў. У паход з настаўнікам і ў плюс 32, і па глыбокім снезе

Клуб «Вандроўкі аматараў гісторыі», які стварыў малады педагог — настаўнік гісторыі Дзяніс Казлоў, стаў сапраўдным брэндам Сар'янскай базавай школы Верхнядзвінскага раёна.

 

Турыстычныя паходы з вучнямі сталі рэгулярныя. Зіма, восень, вясна, лета... Ніякае надвор'е не можа спыніць апантаных вандроўнікаў. Падчас такіх экспедыцый запісваюцца інтэрв'ю з удзельнікамі розных падзей, якія маюць каштоўнасць для гісторыі. Дзецям цікава рабіць відэаролікі — як справаздачу пасля чарговай вандроўкі.
Настаўнік стварыў клуб, каб матываваць дзяцей да вывучэння гісторыі не толькі на школьных уроках, а вывучаць гісторыю непасрэдна на месцы тых ці іншых падзей. А потым з'явіўся і школьны музей ...
«Калі мы з кіраўніцтвам школы прымалі рашэнне аб яго адкрыцці, яшчэ не ведалі, што ўсім установам адукацыі будзе рэкамендавана стварыць свае музеі або музейныя пакоі. Атрымліваецца, што спрацавалі на апярэджанне», — усміхаецца настаўнік гісторыі Дзяніс Казлоў, расказваючы пра тое, як разам з дзецьмі ўдалося рэалізаваць сумесную задумку.
— Напрыканцы чэрвеня мы з вучнямі здзейснілі пешаходку па маршруце Сар'я — Вознава — Пустэльнікі — Мотужы — Асвея. У неверагодную спёку (тэмпература паветра была плюс 32 градусы) за два дні прайшлі па перасечанай мясцовасці 35 кіламетраў. Там нават інтэрнэту амаль не было, бо недалёка — дзяржаўная граніца. Пабывалі на месцы зліцця дзвюх рэк: Асуніцы і Сар'янкі. Пераканаліся, што вада ў Сар'янцы нашмат халаднейшая. Потым ацанілі ваду ў Асвейскім возеры. Шчыра кажу, што я не перастаю захапляцца дзецьмі, якія асмельваюцца на такія вандроўкі, цягаюць цяжкія заплечнікі і пагаджаюцца на любыя авантуры ў пошуках прыгод. А бацькам я ўдзячны за тое, што маюць мужнасць «выганяць» з зоны ўтульнасці сваіх дзетак.


Перш чым накіравацца ў паход, мы складаем маршруты, каб максімальна ахапіць цікавыя мясціны і грунтоўна іх даследаваць. Вельмі дапамагае нам у гэтым мясцовы краязнаўца Антон Бубала, які ў свае 80 гадоў суправаджае нас у самых цікавых вандроўках. Ён проста шыкоўны апавядальнік і вельмі вопытны турыст — дзеці за ім ледзьве паспяваюць.
У студзені мы накіраваліся ў бок вёскі Пушалат, спаленай карнікамі ў 1943 годзе, па старым шляху на Расіцу ў былы ўмацавальны раён. Знайшлі ўсе абарончыя кропкі на левым баку ад закінутага шляху. Далей абышлі замёрзлае балота і, рухаючыся на поўнач, выйшлі праз лес на доўгатэрміновыя агнявыя кропкі каля новага шляху на Расіцу. У іншы час года нам гэта зрабіць не ўдавалася. І восенню, і вясной балоты і глухі лес надзейна хавалі мэту нашай вандроўкі. Прайшлі амаль 20 кіламетраў па глыбокім снезе. Мяркую, такое не забываецца...

Чытайце артыкул Н.Нікалаевай тут

https://zviazda.by/be/news/20221116/1668605672-i-u-plyus-32-i-pa-glybokim-sneze-yak-u-selskay-shkole-stali-regulyarnymi