Днямі было ў стужцы вельмі цікавае абмеркаванне "Чаму сто год таму прайграла Белая армія". Абмяркоўвалі не прафесійныя гісторыкі, а проста людзі, і было цікава паглядзець, якой логікай кіруецца звычайны чалавек у ацэнцы гістарычных падзей.
Наогул, канешне, любы чалавек у той ці іншай ступені нагадвае таго гома сапіенса з "Бойні нумар пяць" Ванегута, якога апісвалі тральфамадорцы ў папулярнай лекцыі пра асаблівасці светаўспрымання зямлян: прыкуты да сталёвых кратаў, якія стаяць на жалезных рэйках, на галаве шлём, да вачэй пададзеная вузкая трубачка, праз якую землянін глядзіць на свет, рухаючыся па жалезных рэйках і не маючы магчымасці азірнуцца і нават проста паглядзець убок. І вось ён, гэты чалавек, глядзіць у тую трубачку і кажа: "Гэта і ёсць жыццё".
Дык вось там дыскутанты сярод прычын называлі і такія: "белыя ваявалі па правілах, а чырвоныя - не", белыя не зверствавалі" - і гэтак далей. У майго пакалення ўсё ж ткі вельмі моцна сядзіць у галаве песня "Не падайце духам, паручык Галіцын" і скасабочаны рамантызаваны погляд на тагачасныя падзеі і наогул на вайну.
З таго ж трэду выплыла спасылка на лекцыю Тамары Эйдэльман пра першую сусветную вайну. Як гэта фактычна мой перыяд, то пайшла паглядзець. Сапраўды – лекцыя цікавая вельмі, хаця асабіста мне аўтарская манера спадарыні Тамары крыху муляе. Дзень я хадзіла пад уражаннем, перабіраючы факты і дадаючы іх ва ўласныя пазлы, а ўчора заўважыла, што ў лекцыі гэтай усе імператары выглядаюць такімі мімімі-душкамі, якія нічога не вырашалі, і выпадковым чынам улезлі ў вайну. Пры гэтым усе яны там рыдалі, аддаючы загады аб мабілізацыі ці спрабуючы спыніць уласныя арміі (і не маглі спыніць). Гадоў праз сто і пра нашых так раскажуць.
Яшчэ я ўсё думаю пра ролю культуры, якую прынята лічыць станоўчай. Маўляў, толькі тоненькая скарыначка культуры ратуе чалавецтва – бла-бла-бла. А тое, што культура тысячагоддзямі эстэтызавала вайну – гэта мы ў сваю трубачку як бы і не бачым.
А яшчэ, напрыклад, як для нас, людзей, усе птушкі на адзін капыл – прыкладам, мы не можам адрозніць варону-маці ад вароны-дачкі – дык можа падацца, што гэтая варона на дрэве– адна і тая ж і тады, і цяпер, і ва ўсе вякі. Варонам, гледзячы на нас, таксама такое здаецца, хіба вопратка мяняе колер і даўжыню.
Была я вельмі наіўная, калі таксама, разам з іншымі, задавалася пытаннямі "Калі ж мы вывучым урокі гісторыі" ці "Калі ўсе нарэшце зразумеюць...". Ніхто нічога не вучыць і ніхто нічога не зразумее, канешне, але Гісторыя – нашае агульнае ўратаванне – не спыніцца ніколі, і таму ўсіх нас на жалезных рэйках вынясе туды, куды ёй трэба, а мы будзем толькі задыхацца ад ветру ў твар, глядзець праз завіруху ў сваю трубачку і казаць: "Гэта і ёсць жыццё".
Во як бывае, як той казаў.