Падчас складання паказальнікаў да кнігі выбраных артыкулаў з "Савецкай Беларусі" стогадовай даўніны з'явілася ў мяне адна праблема этычнага характару. Хачу пачытаць, што думаеце.
Паколькі сярод мільёнаў артыкулаў "Саўбеліі" мяне цікавілі найперш артыкулы з паўсядзённай інфармацыяй – як людзі жылі, што і за які кошт набывалі, як хварэлі і лячыліся, як сварыліся, судзіліся, аб чым спрачаліся па-за палітыкай, што рабілі настаўнікі ў школах, дактары ў бальніцах і гандляры на кірмашах, як жылі вёскі і мястэчкі – то ў кнізе безліч уласных імёнаў і прозвішчаў простых людзей, у якіх без гэтай кнігі не было б нікага шансу трапіць у будзь-які паказальнік, і, адпаведна, быў шанец "замясці сляды" у бязлітаснай вечнасці.
Мне іншы раз мроілася нават, як людзі з дапамогай гэтай кнігі адшукаюць родных ці аднавяскоўцаў.
Але праблема ў тым, што побач з прыгожымі вынаходнікамі, селекцыянерамі, кіроўцамі, бетоншчыкамі, гутнякамі – у гэтых артыкулах шмат забойцаў, махляроў, гора-чыноўнікаў, дрэнных настаўнікаў і кааператараў, п'яніц, аліментшчыкаў і хатніх гвалтаўнікоў.
А што як іхныя ўнукі-праўнукі ці проста цёзкі палезуць у кнігу – і тут табе дрэнныя навіны стогадовай даўніны?
Я ўжо думала: ці не пакінуць у паказальніках толькі славутыя імёны? Толькі навукоўцаў, культурнікаў і дзяржаўных дзеячоў? Толькі тых, хто і так згадваецца ў энцыклапедыях? Дайшла да таго, што прыдумала паказальнік толькі для тых, хто згадваецца пазітыўна:)
Цяпер думаю рабіць паказальнік толькі геаграфічны – вёскі, мястэчкі, вуліцы гарадоў, будынкі, прадпрыемствы.
Але шкада, напрыклад, Кастуся Грыпа – маладога селяніна вёскі Ашмянцы, над якім смяялася і кпіла ўся вёска: ён збіраў па ваколіцах кожную жалязячку, кожны цвічок, кожную провалачку, бо хацеў зрабіць радыё. Шкада расповеду пра тое, як аднойчы ён сабраў усіх у хаце дзеда - дзед ад сораму не ведаў, куды дзявацца – пакруціў нешта ў жалезным страшыдле, якое стаяла на стале, і на ўсю вёску грымнуў канцэрт, які перадавалі з Менску.
Як такое без паказальніка?
...
Надзвычай павучальнай была для мяне дыскусія пад папярэднім пастом пра паказальнікі да кнігі выбраных газетных артыкулаў.
Калі ўчора гэта быў толькі цень пытання наконт этычнасці публікацыі імёнаў людзей, якія ўжо даўным-даўно памерлі і якіх ні па законе, ні па факце няма каму абараніць ад магчымага газетнага паклёпу, то сёння яма, якую я спрабую пераадолець, уяўляецца мне безданню.
І мне ўжо не падаецца, што гэта мой капрыз, псеўдаэтыка ці даследчыцкі затуп.
Я паспрабую патлумачыць на прыкладах тое пытанне, з якога вырасла гэтая мая бездань.
Напэўна, канкрэтна для мяне яно нарадзілася пасля публікацыі мемуараў Паўліны Мядзёлкі, у якіх шаноўная мемуарыстка абліла брудам усіх, каго магла - што тычыцца жанчын. Калі чытаць гэтыя ўспаміны без пафасу захаплення змагарскай фігурай Мядзёлкі (які яна сама і стварыла, канешне), хоць крыху крытычна, то мы пабачым, што ўсе да адзінай жанчыны там – дурніцы, злачынцы, німфаманкі і проста недарэкі, акрамя, канешне, апавядальніцы. Ну, тут як бы ўсё ясна, мемуары яны на тое і мемуары (ці ўсе мы ведаем, што мемуарам веры асабліва няма?) Але мне, напрыклад, і па сёння горка за Палуту Бадунову і Магдалену Радзівіл, якіх Мядзёлка ў гэтых успамінах намалявала такой непрыемнай фарбай, што крый мяне Божа.
Потым было шмат самых розных назіранняў, ад пратаколаў допытаў да паказанняў сведак, ад архіўных дакументаў з подпісамі і пячаткамі да дакументаў без іх – і за іх інтэпрэтацыямі сярод чытачоў альбо нават даследчыкаў.
Напрыклад, для кнігі пра Глебку давялося раскапаць гісторыю аднаго менскага доктара, Барыса Гузарэвіча, які ўваходзіў у падпольшчыцкую групу дактароў першай бальніцы і прыняў атруту, калі трапіў у гестапа. Ужо пасля публікацыі кнігі да мяне настойліва хадзілі людзі, дзеці ваенных менчукоў, і расказвалі, што насамрэч Гузарэвіч калабарант і адступіў з немцамі (пры гэтым магіла Гузарэвіча па сёння цэлая на Вайсковых могілках, але гэта для іх быў не аргумент). Спасылаліся на дакументы НКВД.
А яшчэ я на свае вочы бачыла дакумент наконт нашай вёскі, Унорыцы: расповед мясцовай жыхаркі пра тое, як немцы палілі вёску. Я і да таго ведала, што не палілі, і пасля дакумента кінулася апытваць тых, хто мог ведаць пра гэта, адна бабулька ў нас там шчэ жыве з даваеннага часу і памятала б нешта пра тое, як гарэла вёска, але яна не памятае. Але гэта не доказ. Доказ – дакумент. Ці тое, што мы прывыклі лічыць дакументам.
Гістарычныя дакументы могуць хлусіць і хлусяць, калі могуць – гэта аксіёма. Тым больш хлусяць мемуары. Тым больш – газетныя артыкулы. Але мы чамусьці патрабуем іх публікацыі без выняткаў – бо хочам праўды. Але ў іх не абавязкова праўда:)) І нават часцяком – няпраўда:) З чаго вырастае ўпэўненасць у тым, што калі дакумент апублікаваны без зорачак – у ім праўда?
У мяне сёння выпаў вольны дзень, але я так і не магу сесці за свае паказальнікі:)) Найперш таму, што разумею: у мяне няма нейкага ўцямнага крытэру, па якіх адны імёны ў тагачасных публікацыях я хацела б схаваць за зорачкамі, а іншыя – пакінуць. Рабіць гэта цалкам на свой капыл, проста таму, што так адчуваецца – ненавукова, і я на гэта, канешне, пайсці не магу.
А яшчэ сярод аргументаў гучала: ад нас і так усё хаваюць, яшчэ і вы будзеце хаваць імёны.
А я дык наадварот пакутую ад таго, як цяпер усе пра ўсіх усё ведаюць – і не даруюць. Ні жывым, ні мёртвым.
Давядзецца пісаць пра гэта яшчэ адну прадмову, баюся:)) Хаця прадмоў ніхто не чытае:) Так, для сябе:)