Дзённік настаўніцы. 23 снежня

Ганна Севярынец
23.12.2022

Самы час нагадаць, што альбо сёння, альбо заўтра  дзень народзінаў Алеся Дудара. Так і не ведаю пакуль дакладна, якая дата верная: тая, якую называе Анатоль Вольны ў літпартрэце сябра, і яе ж падае мама Шуркі Дайлідовіча ў гімназічных дакументах (23.12)  –  ці тая, якая замацавалася ў энцыклапедыях (24.12). Метрыкі ягоныя я пакуль не знайшла, бо петрыкаўская царква, дзе яго маглі хрысціць, згарэла, і кніг няма. Але думкі ў мяне ё, то, можа, яшчэ знайду)

У гэтым годзе нічога для ягонай памяці не зрабіла. Але! У мяне ёсць вучаніца, якая жыве на вуліцы Алеся Дудара) Цяпер яна вучыцца там у дзяржаўнай школе. Дык вось. Направа і налева ў той школе называюць ДударА  –  ДУдарам (бо адрас школы  – гэтая ж вуліца). А яна, мая бубачка, ходзіць і выпраўляе: ён ДудАр))

У мяне даўно склалася традыцыя на гэты вечар: стаўлю французскую частку свайго плэйліста (упэўнена, мой аўтар гэта ўхваліў бы), прыводжу ў парадак паперы па тэме і выпіваю троху каньячку) Далучайцеся, калі што)