Дзённік настаўніцы. 24 -26 снежня

Ганна Севярынец
27.12.2022

Сёння была пахіснулася ў настроі, сабралася была ўпасці ў роспач. А потым пагутарыла з адным чалавекам. І ён, пасміхаючыся такой спецыфічнай нашай цяперашняй усмешкай, сказаў прыблізна так: "Ну, гэта як салдат сядзіць у акопе. Ён жа не бегае па полі, не гарлае, не прыгае да неба. Але гэта важна, што ён на сваім месцы. Ну так, мокра, зямля халодная, тое-сёе, ну дык гэта ж ясна, гэта акоп. У акопах так, як у акопах".

І чамусьці мне расхацелася ў роспач) Бо ў акопе шчэ і ў роспачы, ну гэта ўжо зусім тупа)

 

Заўважыла парадаксальную рэч. З эмацыйных тэкстаў, якія трапляюць у публічную прастору, самыя бадзёрыя – лісты палітвязняў з турмы. Наступныя па градусе пазітыву ад тых, хто застаўся ў Беларусі. Самыя горкія – ад тых, хто быў вымушаны з'ехаць.

Проста ёсць абставіны, у якіх ты не маеш права губляць надзею, бо, акрамя яе, у цябе часам зусім нічога няма.

Са святам, стужка. Вечная зорка ўзышла.

 

Кастусь Севярынец

Перазімуем!

На двары стаіць павець,

Пад павеццю – дровы:

Каб не стыць і не дубець

Вечарком зімовым.

У падполе – бульбы пуд,

Не адзін, а болей,

Агуркі з капустай – тут,

А не дзесьці ў полі.

Значыць, так таму і быць:

Ёсць і конь, і збруя.

Ёсць што есці, чым тапіць …

Дык перазімуем!