От беларусы, канешне, у сваёй інтравертнасці вельмі цікавыя людзі. Сутыкне з кім-небудзь лёс, напрыклад. Ціхі, спакойны, незаўважны нават чалавек. Сядзіць сабе, маўчыць. Потым, праз дзень-два, пачынае так асцярожна прыглядацца, пільным кароткім позіркам: ці можна адкрыцца.
А як адкрыецца, дык і схопішся за галаву. Што толькі людзі не вырабляюць, самі сабе, на невялічкае кола знаёмых, на сто падпісчыкаў у інстаграме. Музыку пішуць, дываны ткуць, кавяранку маленечкую трымаюць, аграсядзібку, а там спектаклі, рэстаўраваныя з сярэднявечча, ці яшчэ што.
Увесь час мяне дзівіць гэты кантраст: сусветная публічная прастора забітая рознай каляровай пустэчай, а ў нас тут як калупнеш – дык скарбы брыльянцістыя на кожным кроку, і цішыня навокал.
Я іншы раз думаю, што вышэйшыя сілы спецыяльна беларусаў стагоддзямі трымаюць у путах і шорах. А то ж як адпусціць нас на вольны выпас, дык мы вакол сябе ціха, незаўважна, без шуму, грошай і вонкавай падтрымкі, на адным унутраным агні за лічаныя гады пабудуем рай на зямлі і паламаем усю боскую канцэпцыю.