Прапануем урыўкі з вялікага інтэрв'ю з Вольгай Калацкай, перакладчыцай і вядомай спецыялісткай па англійскай мове.
– Як здарылася, што вы перакладалі “Шрэка”? Ваш удзел у такім праекце ўражвае. Вам блізкі гэты гумар?
– Мне патэлефанаваў сябар, светлай памяці Зміцер Саўка: “Волька, ёсць задума перакласці “Шрэка”!” А я на той час нічога не ведала пра гэты мульцік. Стала глядзець. Мне страшэнна спадабалася, “зайшло” з першага разу, менавіта праз гэтую постмадэрновасць, цытатнасць, намёкі і адсылкі. І персанажы такія каларытныя… Мне блізкі розны гумар: і тыпу “Шрэка”, і філалагічны, пабудаваны на гульні словаў, і традыцыйны ангельскі, сітуацыйны гумар тыпу Джэрома. Вельмі люблю Віктара Шандаровіча – не толькі ягоныя “Лялькі”, але і паэзію, эсэістыку, п’есы. Люблю Станіслава Ежы Леца.
– А беларускі гумар – у яго існуе адметны тып?
– Першае, што прыходзіць да галавы, – нашая фразеалогія: вазьміце слоўнік прыказак і прымавак – гэта канцэнтрацыя беларускага гумару. Адносна нядаўна з’явіўся іншы тып беларускага гумару, як мне думаецца, квінтэсэнцыяй якога ёсць Андрэй Хадановіч: гумар постмадэрновы, з культурнымі адсылкамі, пры гэтым вельмі добры і аптымістычны. Можа, раней гумар быў больш скрозь слёзы, а цяпер (ну як цяпер, да 2020 года) з’явіўся больш пазітыўны. Дарэчы, яшчэ адзін тып гумару, блізкі мне і дарагі, – смех скрозь слёзы.
– Пасля звальнення з лінгвістычнага ўніверсітэта вы працуеце на сябе 21 год. Ці хацелася вярнуцца пад “бюджэтнае” крыло дзяржавы, на стабільны паёк?
– Не, ніколі. Спачатку было вельмі страшна. Я была не ўпэўненая, ці выцягну сама. Здараліся вельмі цяжкія часы. Калі пачынаецца эканамічны крызіс, першае, ад чаго людзі адмаўляюцца, – усялякая раскоша, тое, што не забяспечвае магчымасці выжывання тут і цяпер, а праекты на будучыню, да чаго і належыць вывучэнне замежных моў. Але я страшэнна ўдзячная лёсу і ўсім, хто паспрыяў майму сыходу з лінгвістычнага, таму што мне значна цікавей працаваць з людзьмі сам-насам, а не ў групе, цікавей падстройвацца пад чалавека, слухаць пра ягоныя патрэбы і праблемы. Мне сорамна, што ў свой час у лінгвістычным я гнобіла студэнтаў, вельмі жорстка патрабавала ад іх ведаў. Цяпер хочацца падтрымліваць, даваць чалавеку магчымасць раскрывацца. Прыемна глядзець, як кветка расцвітае ў сваю пару. Мая задача – стварыць гэтай кветцы належныя ўмовы. І, вядома, я ні за што не аддам сваю свабоду, сваё неймавернае адчуванне вольнага палёту.
– Атрымліваецца, што пакінуўшы сістэму, вы выраслі як спецыяліст?
– Так. Я вырасла як лінгвіст і, мне здаецца, значна змянілася ў лепшы бок паводле сваіх чалавечых характарыстык.
– Вы казалі ў адным з інтэрв’ю, што ўжо ў 1994-м зразумелі, да чаго прывядуць вынікі выбараў. Як? Ці можна вывесці шэраг небяспечных прыметаў датычна палітыкаў?
– На ўзроўні чыста суб’ектыўнага, асабістага ўспрымання мне выць хацелася ад таго, што нас цягнуць у савецкае мінулае. Не было перспектывы, не было гаворкі пра развіццё, змену эканамічнай мадэлі – была размова пра вяртанне назад, у СССР. Дзякуй, я ўжо там была. Мне хапіла.
Калі гаварыць пра агульныя рысы, пэўныя лакмусавыя паперкі, то нядаўна трапіла на цікавае псіхалагічнае даследаванне пра “чорную трыяду” – нарцысізм, мак’явелізм, псіхапатыя. Замест псіхапатыі можна ўжыць тэрмін “антысацыяльны разлад асобы”. Пад нарцысізмам маецца на ўвазе схільнасць бачыць сябе выключна ў станоўчым святле, патрабаваць ад іншых захаплення сваёй асобай, адсутнасць крытычнасці да сябе, жаданне ўзвысіцца за чужы кошт, схільнасць вінаваціць іншых, а ўсё станоўчае прыпісваць сабе. Пад мак’явелізмам маецца на ўвазе гатоўнасць маніпуляваць людзьмі, карыстацца любымі сродкамі дзеля дасягнення мэты. Антысацыяльнасць улучае адсутнасць эмпатыі, зноў-такі, адстунасць крытычнасці да сябе і ўсялякай маралі. Вось рысы, якія мусяць насцярожваць у кожным – палітыку, бізнес-партнёры, партнёры ў жыцці.
...
Цалкам інтэрв'ю можна прачытаць тут: sn-plus