ЦІ ЧАС ДОБРЫМ СУСЕДЗЯМ ДЗЯЛІЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ГЕРОЯЎ МІНУЛАГА, КАЛІ ГРЫМЯЦЬ ВАРОЖЫЯ ГАРМАТЫ? ВЕЧНАЯ ТРАГЕДЫЯ ГІСТОРЫІ: КОЖНЫ НАРОД МАЕ ПРАВА НА СВАЕ МІФЫ.

25.01.2023

У час, калі побач ідзе вайна і калі адны з нас пратэстуюць супраць гвалту, а другія па тэлефоне паведамляюць праваахоўным органам пра інсургенства суседзяў, напрошваецца гістарычная паралель з рэаліямі паўстання 1863-1864 году: адны змагаліся і паміралі, а другія даносілі.
Так званы гістарычны прагрэс твораць 5-10 % актыўных адукаваных грамадзян, астатнія – абывацелі і шпісбюргеры, што ахоўваюць свае сем’і і жыццёвую утульнасць, застаючыся лаяльнымі афіцыйнай уладзе, па гуку дзяржаўнага вайсковага горна апранаюць салдацкія шынялі.
Разуменне гэтай вечнай трагедыі дазваляе асобе без істэрыкі і экзальтацыі ставіцца да наканаванасцяў лёсу. Пра гэта думаецца, калі чытаеш у сеціве пра дзяльбу герояў і злыдняў часу антырасейскага паўстання 1863-1864 г. паміж былымі васаламі Расейскай імперыі.
УСЕ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ МІФЫ МАЮЦЬ У СВАІМ “СУВОІ” ГІСТАРЫЧНЫХ НАРАТЫВАЎ ЭЛЕМЕНТЫ ПРЫДУМАНАЙ ГЕРОІКІ І ПАКУТАЎ
Прывяду адносна свежыя прыклады новага часу:
“Камень Івана Сусаніна”
Калі я яшчэ быў стыхійным ад нараджэння беларусам і чыстым агностыкам у фазе пасляўніверсітэцкага “маладога спецыяліста” (1965 г.), адпачываючы ў міжнародным моладзевым лагеры “Волгарь” пад Кастрамой, я упершыню сутыкнуўся з рукатворным аб’ектам патрыятычнага расейскага міфу – камянём Івана Сусаніна. Не ведаю, ці ён існуе цяпер.
Тады маладая камсамолка-экскурсавод, супрацоўніца лагеру, расказвала нам, маладым турыстам з Расеі, Украіны, Беларусі, Эстоніі, Эфіопіі і Балгарыі, завезеным у лясны гушчар да зарослага мохам камяня кіламетраў за 40 ад лагеру, пра гераічную смерць селяніна Кастрамской губерні, які, ці то ў 1612, ці то ў 1613 годзе, ці то зімой ці то ў познюю восень хаваў расейскага цара Міхаіла Раманава ў яме ў згарэлай пуні (овин), а сам, заплаціўшы жыццём, завёў у балоцісты непралазны гушчар літоўска-польскі атрад, які адтуль і не вярнуўся.
Мяне вельмі ўразіла і запомнілася, што каля таго камяня пазней знайшлі сапрэлыя косткі людзей і коней, а таксама 12 каталіцкіх і адзін праваслаўны нацельны крыж… Канешне, экскурсаводка ўзгадала і оперу Глінкі “Жизнь за царя» на лібрэта барона Розэна.
Нямецкі міф пра антыгітлераўскі супраціў
У гарадзкім гістарычным музеі Бона, стэнды, прысвечаныя баварскім падпольшчыкам брату і сястры Шоль і Графу фон Штаўфэнбэргу (кіраўнік групы змоўшчыкаў пры няўдалым замаху на Гітлера, 1944 г.) па стану на 1994 г., калі Бон быў сталіцай ФРГ, займалі больш месца, чым усе матэрыялы пра Усходні і Другі фронт.
Пра Штаўфэнбэрга пісалі: салдат, патрыёт Германіі, антыфашыст, арыстакрат.
Пазней я прачытаў перапіску фон Штаўфэнбэрга з жонкай у час вайны 1939 г. з Польшчай: “…Людзі тут – абсалютная чэрнь, шмат яўрэяў і мяшанцаў. Падобна, што ім будзе даспадобы наш нямецкі бізун …” . Шмат хто з асяродку фон Штаўфэбэрга былі антысеміты. Невядома, якой яны бачылі Германію ў будучыні.
Працытую, як помню цяпер (дакладна цытаваў на сайце nastaunik.eu; цяпер не існуе), вынікі апытання, праведзенага штотыднёвікам Die Zeit перад 8 мая 1995 г., калі адзначаліся 50-я угодкі заканчэння Другой святовай вайны.
Апытваліся дзеці бацькоў і дзядоў з універсітэцкай адукацыяй, чые дзяды былі ў актыўным узросце у час нацыскага рэжыму.
Каб спраўдзіць “культуру ўспамінаў у сямейных легендах” пра тую вайну у межах школьнага курсу палітычнай адукацыі “Retten und Helfen im Nationalsozialismus” (Ратаванне і дапамога у час нацыянал-сацыялізму) атрымалі прыблізна такую статыстыку: Прымалі ўдзел у рэпрэсіях супраць яўрэяў і антыфашыстаў – менш за 1%; даносілі на суседзяў – 0%; дабраахвотна запісаліся ў нацыскую партыю –3%; Спачувалі пераследаваным – 98%; дзейсна спачувалі, памагалі матэрыяльна – 60%; прымалі актыўны ўдзел у акцыях сабатажу/”італьянскія” страйкі – 50%; змагаліся супраць рэжыму ў падполлі – 30%; наносілі шкоду вермахту на фронце – 20% …
Анкетоўшчыкі пыталі сябе: на кім рэжым трымаўся 12 гадоў?
УКРАІНСКІ МІФ ПРА ФРАНЦУЗСКІ АЭРАПОРТ ORLY
Ільля Баршак, храніст жыццяпісу Піліпа Орліка, выпускніка Кіева-магілянскай акадэміі, суратніка Мазепы, аўтара “Пактаў і Канстытуцыі пра законы і вольнасці Войска Запароскага” (дамова паміж гетманскім манархам і вольным казацтвам, 1710), пісаных стараўкраінскай і лацінай, якія трактуюцца гістарычна ўкраінцамі як першая украінская Канстытуцыя, напісаўшы кнігу “Орлік—казацкі генерал Францыі”, стварыў аўтарскі міф пра тое, што ў гонар ягонага сына, Gregoire Orlyk, які быў сапраўдным малодшым генералам (marechal de camp) і служыў у тайнай канцылярыі Людовіка ХV (Secret du Roi), названы аэрапорт у прадмесці Парыжа.
Грыгор Арлік вучыўся ў Швецыі (універсітэт у Лундзе), вывучаў філасофію, метафізіку, быў музычна адораны, іграў на лютні.
Пра гэта пішуць і нашы некаторыя краязнаўцы, калі “ганарацца”, што Піліп Орлік нарадзіўся на тэрыторыі цяперашняй Беларусі (вёска Касута, колішні Ашмянскі павет).
Аднак вядома, што населены пункт Orly існаваў яшчэ у час “Свяшчэннай рымскай імперыі германскай нацыі” …
Кожны народ хоча быць прыгожым і прывабным. Брытанцы расказваюць пра Баўдыку, што змагалася супраць рымлян, баронячы дзяцей і мужа, швейцарцы пра Вільгельма Тэля, што кляўся на “лугу Рытлі” змагацца да смерці супраць Габсбургаў, армяне славяць свайго Гарагіна Нждзе, -- палітыка і генерала …
Пра літоўскіх ды польскіх герояў мы ведаем не менш, чым пра сваіх.
Для мяне Кастусь Каліноўскі – абсалютны беларус толькі таму, што перад смерцю пісаў вершаванае развітанне на роднай мове сваёй нарачонай Марыі Ямант. Пастаўце сябе на яго месца. Хіба мог не-беларус нарадзіць такія вершы ў сэрцы сваім?
Для тых, хто не помніць на памяць гэтыя радкі, нагадаю іх яшчэ раз:
Марыська чарнаброва, галубка мая, / Гдзе ж падзелася шчасце і ясна доля Твая;/Усё прайшло – прайшло як бы не бывала, /Адна страшэнна горыч у грудзях застала.
// Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці /Дай ў прадвечнага саду вялеў прападаці, / То мы прападзем марна, но праўды не кінем, / Хутчэй Неба і шчасце, як праўду, абмінем. //
Не наракай, Марыся, на сваю бяздолю, /Но прыймі цяжкую кару Прадвечнага волю, / А калі мяне успомніш, шчыра памаліся, /То я з таго свету табе адзавуся…
На фота: наш Кастусь, Грыгор Орлік (сын Піліпа Орліка), фон Штаўфэнбэрг, паштовая марка з выявай Івана Сусаніна.



https://www.facebook.com/sadouskip/posts/pfbid02EyKRcUYUnCwaJMmYhvXd2vnbAFBHEVPVn26cUgqhGrbY2rzpe73vTJN7M17DrSv4l