Ехала сёння ў электрычцы, а за спінай маёй сядзела купка дзяцей з настаўніцай. Я іх не бачыла, вядома ж, бо абарочвацца ў электрычцы на людзей лічу за маветон, але вуха, канешне, прыклеіла.
Настаўніца мне адразу моцна спадабалася: усю дарогу яна займалася з імі педагагічным дуракаваляннем, гуляла ў словы, і кожныя пяць хвілін мяняла правілы: "А цяпер толькі назоўнікі! Толькі прыметнікі! Толькі ўласныя імёны!", прапанавала загугліваць цяжкія выпадкі, тлумачыла новыя словы, карацей, не губляла з імі часу.
Дзеці былі дзяўчаты, бо я чула толькі афіцыйныя дзявочыя галасы, такія, якія бываюць у падлеткаў у кампаніі настаўнікаў. Але раз-пораз пасярод назоўнікаў і прыметнікаў чулася:
– Ну Грыгор'еў! Пакінь! Грыгор'еў! Перастань! Не, Грыгор'еў, на Ы словаў не бывае! Грыгор'еў, аддай тэлефон! Грыгор'еў, ты чаго?
А калі мы выходзілі, то я іх ужо і пабачыла. Настаўніца маладая, невысокая, вясёлая такая бландзінка ў кудзерках, дзяўчаты – высокія ўжо, вышэй за яе, усе такія акуратненькія, у капялюшыках і з рукавічкамі.
І Грыгор'еў: мелкі шылапопы хлопчык, з усмешкай на ўсе трыццаць два: колькі электрычка цягнулася па пероне, столькі ён тузгаў дзяўчат, выхопліваў у іх з рук рукавічкі, піхаў іх у чужыя кішэні, бегаў па сценах, падскокваў на столь, стаяў на галаве, пераўтвараўся ў ваўка і назад, і ўсё гэта з фантастычна абаяльнай усмешкай, але моўчкі)
...
4 лютага
Я ведаю аднаго хлопчыка, украінца, ён зараз вучыцца ў школе за мяжой. У 2014 годзе ягонай сям'і давялося бегчы з Данецка ў Кіеў, а ў 2022 – з Кіева.
Нядаўна мы чыталі "Гамлета", і ён загарэўся прачытаць знакаміты Гамлетаў маналог так, як ніхто да яго не чытаў.
Каб здзівіць мяне, узяў беларускі пераклад Юркі Гаўрука. Вывучыў на памяць. Прыдумаў касцюм: плед, трохвуголка, замест чэрапа Йорыка – гаршчок з засохлай кветкай. І зняў відэа.
Мяне гэта так уразіла, што я баялася разрыдацца ўголас, і каб неяк збіць гэты настрой, пачала пытацца наконт дэталяў, і сярод іншага спытала: а што гэта за напалеонаўская трохвуголка, дзе вы яе знайшлі.
А, кажа той хлопчык, гэта мой дзіцячы касцюм пірата, я ў ім у садку на ранішніку быў.
Гэта выходзіць, ён ува ўсе бежанствы свае возіць з сабой дзіцячы касцюм пірата.
Моцна-моцна люблю я гэтых дзяцей. У які ж дзікі свет мы іх нарадзілі.