У мяне быў такі прыяцель у маладосці, ён казаў так: "Калі я не ведаю гэтага пісьменніка (мастака, кампазітара, актора), значыць, ён невядомы". Гэта заўсёды было смешна слухаць. Таму калі раптам нехта ў маёй стужцы ўсё яшчэ не ведае Ігната Канчэўскага-Абдзіраловіча, гэта на сёння проста непарадак:)) А калі раптам нехта, прыкладам, ведае Канта, а не ведае Абдзіраловіча – гэта ўжо зусім блага:)
Праграмнае эсэ беларускай філасофіі "Адвечным шляхам" лёгка гугліцца– і нагбом чытаецца, асабліва першыя дзве часткі (далейшыя ўжо цяжкаватыя). Пачытайце, хто прапусціў:)
Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч):
"Ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая няпрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу. Прыклад Скарыны, аб якім да гэтай пары няведама, хто ён быў такі, ці каталік, ці праваслаўны, і пэўна, што і той і другі разам, адбівае гэтае зьявішча беларускага духу ў індывідуальнасьці, ў душы нашага першага інтэлігэнта. Гэтую рысу беларуская народная інтэлігэнцыя захавала і да нашай пары, але, як бачым, на тое ёсьць гістарычныя прычыны".
"Усходні чалавек лічыць, што жыцьцё павінна быць вызначаным, што ў ім хаваецца нейкая адзіная праўдзівая сутнасьць, каторую і патрэбна вызначыць. Дзеля гэтага на Ўсходзе ня могуць ужыцца дзьве праціўныя ідэі; калі на Захадзе барацьба вынікае толькі ў асобыя часы агульнага спалоху і тады па ўсёй зямлі ідзе забойства, гараць вогнішчы з гэрэтыкамі і ворагамі, але потым, супакоіўшыся, варожыя кірункі мірна існуюць разам і знаходзяць компраміс, згоду – змаганьне на Ўсходзе ідзе да той пары, пакуль ня згіне апошні адкрыты вораг. Там компрамісу няма, уступкі ня робіцца ні ў аднэй драбніцы. Дзеля гэтага, на Ўсходзе адвеку садзяць у турмы і зьневажаюць чалавека не за дзеі, а за тое, што ён голіць або ня голіць бараду або ня так, як трэба, носіць вопратку. Ўсе драбніцы, усе абставіны жыцьця вымагаюць акрэсьленьня вызначанасьці. Ува ўсіх павінен быць адзін выгляд, адны пераконаньні, адзін погляд на жыцьцё. Гэтым тлумачыцца дзіцячая самапеўнасьць расейскіх камуністых, што яны ўсё жыцьцё пераробяць на адзін капыл. Чуваць, што яны лічаць неабходным стварыць сваю ўласную рэлігію, каб і ў гэтай галіне жыцьцё мела аднальковы выгляд".
"Такія жыцьцёвыя адносіны зусім незразумелы для Захаду; ягоная культура, наадварот, ўся вырасла на барацьбе з скрайнімі кірункамі, якія захацелі абхапіць жыцьцё цалком. У Зах. Эўропе ня вытрымала спробы ідэя адзінай рэлігіі: каталіцтва не апанавала ўсіх краёў, а нарадзіла шмат пратэстанскіх вучэньняў, што далёка разыйшліся як ад свайго карэньня, так і паміж сабой. Не зрэалізавалася ідэя «Сьвяшчэннай Імпэрыі», хоць у працягу сярэдніх вякоў гэтае пытаньне стаяла на чарзе. Імпэрыя рассыпалася на 5-6 неспадобных адзін да аднаго гаспадарсьцьвенных арганізмаў, разлучаных географічна і так сама разлучна пайшоўшых у сваім культурным жыцьці. Такі лёс кожнай шырокай ідэі, якая хоча абхапіць усё жыцьцё: яе ў Зах. Эўропе затруць, скароцяць, абцягнуць тысячамі компрамісаў".
"За даўгія вякі гнёту і зьдзеку над нашай душой мы ўцямілі, што якую скуру сілком не накінь чалавеку, ён застанецца незадаволеным, бо заўсёды ён захоча перш-наперш быць самім сабой, чалавекам, а не замарожаным каталіком або праваслаўным, выгаленым на адзін капыл расейцам, ці паляком, прававерным буржуём, ці камуністым. Ў гэтыя цесныя мізэрныя рамкі не ўсадзіць вялікай душы чалавека. Векавое дасьвядчэньне кажа нам, што вольнага разьвіцьця нашага духу не запяўняе ні заходняя ні ўсходняя культура, бо яны абяртаюцца ў формах гвалтоўнага, людаежнага мэсыянізму і розьніца між імі толькі ў назовах, лёзунгах, а іх аціскаючыя ланцугі – аднолькавы для нашага духу. Трэба шукаць на другіх шляхох..."