Дзённік настаўніцы. 21 лютага

Ганна Севярынец
21.02.2023

Дзевяць год таму я не магла два словы звязаць па-беларуску. Чытаць магла, пісаць з большага магла, гаварыць - ніяк. Але нешта падступала да горла, патрабавала выйсця, быў такі моцна звіты ў спружыну комплекс прычын, з якіх мне моцна-моцна хацелася загаварыць па-свойму! Нават, здаецца, неўсвядомленага ў гэтым было больш, чым свядомага, проста нейкая туга і прага.

Да таго ж я стала паціху нешта пісаць, мае апавяданні ўжо бралі ў друк маскоўскія часопісы, і я радавалася, канешне, ганебнай радасцю чалавека, прызвычаенага лічыць маскоўскае лепшым. І мяне там хвалілі, і добра ставіліся, і у мяне ўжо былі добрыя наладжаныя сувязі з выдавецтвам і рэдакцыямі, але тачыла туга і прага, нібыта ўва мне была вялікая дзірка, і ў яе свістаў вецер.

Тады я вырашыла авалодаць беларускай мовай і пайшла ў наступ. Папрасіла сабе ў інстытуце курс беларускай эканамічнай лексікі - не вучыць, а весці (цяпер бы не ўзялася). Вучыла лекцыі на памяць, бо не хапала слоўнікавага запасу, каб прагаварыць дзве гадзіны без перапынку. Рабіла дома сама ўсе практыкаванні, якія потым давала студэнтам, бо як жа я іх праверу, не зрабіўшы? Ведаў жа няма!

Адначасова я стала запойна чытаць (вось ужо дзевяць год я не чытаю кніг, напісаных па-руску, не з прынцыпа, а проста нецікава). Перачытала чытанае ў дзяцінстве, тое, што было дома, у бацькоў, пабегла ў крамы. Дзевяць год таму ў мяне была адна палічка беларускіх кніжак. Сёння тры вялікія стэлажы.

Пакрысе перавяла ўсю сваю публічную дзейнасць на беларускую: нават на выпускных, на педсаветах, на любых мерапрыемствах, на бацькоўскіх сходах, канцэртах, дзе толькі выходзіш да мікрафона.

Вельмі акуратна стала прапаноўваць дзецям: праз кніжкі, музеі, вандроўкі, беларускія экскурсіі.

З-за маёй прафесіі - ну, і з-за прыроднай схільнасці да кампрамісаў я ўсё яшчэ дзвюхмоўная. У прынцыпе, мяне гэта зараз не турбуе. Сама з сабой я размаўляю па-беларуску, а звонку як мне і суразмоўцу зручней.

За гэтыя дзевяць год у мяне выраслі чатыры вучаніцы, якія цалкам перайшлі на беларускую ў жыцці - пры тым, што я вяла ў іх рускую мову і літаратуру. Мае ўласныя дачушкі размаўляюць са мной і паміж сабой беларускай.

Іншы раз, у гадзіны роспачы і адчаю, я думаю: госпадзе божа мой, беларушчына нейкі знак бяды, ці не кінуць гэтае вось усё і ці не жыць, як раней жыла?

І мне становіцца страшна. Гэта як самагубства, толькі шчэ страшней.  Тая дзірка, у якой свістаў халодны вецер, калі яна адкрыецца зноў але не, яна не адкрыецца. І думкі гэтыя толькі спосаб чарговы раз адчуць праз страх, які дарагі набытак падаравалі мне апошнія дзевяць год. Уласную мову.

Дык не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі:))

Ну і тады хвілінка бессаромнай самарэкламы ў дзень роднай мовы:)

Часта пытаюцца, што пачытаць такога, каб была простая мова -тым, хто толькі пачынае чытаць па-беларуску і не разумее большасць словаў. Я тады высвятляю, што чалавек любіць, якія кніжкі чытае, і раю іншы раз нават, даруй мне Божа, Івана Шамякіна.

Але насамрэч у мяне ў самой ё кніжка, якую я напісала першай тады, калі мая мова была яшчэ зусім нясмелай, адпаведна - простай, так бы мовіць, сучаснай гарадской. У ёй яшчэ, негледзячы на намаганні рэдактараў, і сінтаксіс не тое каб беларускі, і лексіка прасцей няма куды. Усё гэта яе безумоўныя хібы але ў некаторых выпадках яны становяцца нават і перавагамі.

Я маю на ўвазе "Дзень святога Патрыка" кнігу, якую я пісала ў неафіцкім захапленні беларушчынай, і праз якую мне моцна хацелася перадаць гэтае захапленне, любоў і прагу іншым.

Нажаль, на паперы яе даўно няма, хаця і прадаліся шэсць ці сем накладаў. Затое ёсць аўдыя:) Тым шыкоўны голас Уладзміра Лісоўскага, бездакорная фанетыка:) І простая мова:)

Дзень святога Патрыка