Ну так, а потым Госпад гляне на мяне з прышчурам,
Такі задаволены, шчаслівы,
Бы хлопчык,
Які перамог нарэшце,
Сабраў электрычную схему, напрыклад,
Разбіў малатком гайку,
Цюнінгаваў вентылятар
І яшчэ сто мільёнаў фантастычных
Хлапечых перамог,
Ведаю я гэты блаславёны прышчур
За сынам і за мужчынамі, якіх моцна кахала,
Ён гляне і скажа:
Ну? Бачыш, а я меў рацыю!
Я ўсё гэта склаў у схему,
Я ведаў сілу супраціву матэрыялаў і моц рычагоў,
Я бачыў наперад так далёка,
Як ты, дарагая, і ня ўмееш бачыць,
Хаця ты таксама малайчынка,
Не падціскай ужо вусны.
Я ведаў, што ў мяне атрымаецца
Як найлепей, як трэба, як правільна,
Мы ведалі з сынам, хаця ён іншы раз і плакаў,
Але мы ўсё зрабілі як след,
Йех-ху!
І я пасуну яму гарачы курыны булёнчык,
Хлеб з печы,
Гуркоў,
Якіх перад вайной ад страху накатала столькі,
Што і па сёння яшчэ не з’елі,
Дам лыжку, сяду, падапру рукой падбароддзе,
Буду замілавана глядзець, як ён абедае,
Задаволены, шчаслівы,
І сонца будзе прабівацца праз фіранкі,
І я нарэшце яму скажу,
Бо шмат што можна прасіць у пераможнага
Сытага мужчыны:
Госпадзе,
Нарадзіце са Светлай Паняй нам ужо дзяўчынку,
Ці нават і дзвюх.