Дзённік настаўніцы. 2 сакавіка

Ганна Севярынец
02.03.2023

Бах! – ледзь не нагой адчыняюцца дзверы, і ў кабінет залятае мой адзінаццацікласнік.

Ускідвае рукі ўгару, трасе імі і крычыць нялюдскім голасам:

– Ганна! Ганна! Чаму вы нам на ўроках не расказвалі пра Абдзіраловіча?!

У мяне лезуць вочы на лоб, і я нават даўлюся першымі словамі:

– Што-о-о-о-о?! А каго я ўсю першую чвэрць дзясятага класа і так і эдак угаворвала яго прачытаць? А з кім мы праект па "Адвечным шляхам" рабілі? Дык вы ж самі тады не прачыталі нічога, і адкупіліся ад мяне прыгожымі літаркамі на агульным ватмане? Мы з вамі дзясяты клас з Абдзіраловіча пачыналі, эй!

Ён махае на мяне рукамі, пачынае бегаць па класе і крычаць:

– Ну ладна! Тады не прачытаў! Але цяпер! Цяпер! Гэта адно ў адно мае думкі! Першы раз чытаю кнігу, у якой важнае кожнае слова!

Ну, і гэтак далей. Я задаволена пасмейваюся за сталом і вяртаюся да астатніх мы з імі занудна адпрацоўваем спосабы словаўтварэння.

Кожная кніжка прыходзіць да чалавека ў свой час.

 

Ігнат Абдзіраловіч.Адвечным шляхам. https://knihi.com/Ihnat_Kanceuski/Adviecnym_slacham.html