Дзённік настаўніцы. 12 сакавіка

Ганна Севярынец
13.03.2023

Лонгрыд пра падлеткаў і не толькі пра іх.

Даволі часта і ў публічнай прасторы, і ў прыватных гутарках я сустракаю рознай ступені роспачнасці гісторыі пра беларускіх дзяцей, якім складана перажываць цяперашнія часы. Падлетку наогул заўсёды – вельмі складана, у любы час, бо гэты імклівы час чалавечага жыцця - час усведамлення сваіх матрыц, час адмовы ад улады дарослых, ад тых не заўсёды бяспечных, але заўсёды існых межаў, якія існуюць у сям'і. Якімі б яны не былі, тыя межы, прыгожымі альбо цяжкімі, у дзяцінстве за імі спачуваешся спакайней, чым без іх, а падлетак на тое і падлетак, каб іх асэнсаваць, паспрабаваць пашырыць і перарабіць, выйсці за іх, зруйнаваць альбо замацаваць унутры сябе як праграму далейшага жыцця.

Асабліва бядуюць людзі, калі бачаць, што падлетак ідзе не ў той бок, у які хацелі б бацькі. Ёсць прыгожы мем на гэты конт:

Бацькі: Дзеці, мы б хацелі, каб вы радаваліся жыццю!

Дзеці: (пачынаюць радавацца)

Бацькі: НЯ ТАК.

Напрыклад, бацькі жахаюцца, што падлетак, які яшчэ тры гады таму хадзіў з дарослымі на маршы і нават захоўвае белы браслет, сёння свядома і ўпарта ўдзельнічае ў афіцыйных школьных мерапрыемствах ці прымае яшчэ будзь-якія жудасныя, з пункту гледжання бацькоў, рашэнні кшталту паступлення ў мілітарызаваныя навучальныя ўстановы. І дарослыя звычайна не могуць зразумець: як так, ён жа з такой сям'і.

А з якой сям'і? Якая калісьці некалькі месяцаў насіла белыя браслеты?

Нажаль, але перажыты намі 2020 год не можа даць падлетку апірышча ў тым, што называецца самаідэнтыфікацыяй. Самаідэнтыфікацыя не будуецца на гістарычным імгненні. Яна можа стаць пунктам адліку, пераломам, выбухам, але - не падмуркам.

Падлетак, акрамя іншага, моцна шукае супольнасць, з якой ён мог бы ідэнтыфікавацца. Ён яшчэ слабы як асоба, яму страшна перад сацыяльным космасам, пакідаючы на час свайго сталення матрыцу сям'і, ён шукае іншую - больш прывабную для яго, больш моцную, больш надзейную. Адсюль падлеткавыя субкультуры, якія часта падаюцца нам дурнымі, тупымі альбо нават злачыннымі.

Таму сям'я мусіць прапаноўваць чалавеку нешта мацнейшае за яе. Гэта не значыць, што падлетак адразу кінецца туды, куды яго вядзе сям'я – хутчэй за ўсё якраз не. Але пасля доўгага і драматычнага блукання ў ідэнтычнасцях самых розных Рёданаў ён непазбежна захоча знайсці нешта трывалае, мацнейшае за сябе, надзейнае самай рознай надзейнасцю, нейкую матрыцу, на якой можна выбудоўвацца як асоба.

Няма нічога прасцейшага і натуральнага за матрыцу нацыянальную. Не ў сэнсе крыві ці сваяцтва, а менавіта ў сучасным сэнсе, геаграфічным і культурным: гэта мая зямля, гэта мой народ, і я – частка гэтай супольнасці.

Калі бацькі, ратуючы падлетка ад уплыву афіцыёза, вывозяць яго за мяжу, і там, за мяжой, працягваюць верыць у абарончую сілу белага браслета – яны непазбежна губляюць асобаствараючую ролю ў будучай ідэнтыфікацыі падлетка. Ён зробіць гэта без іх, і наўрадці – на карысць таго месца, дзе ён нарадзіўся.

Можна сказаць: і добра! Нашто нашым дзецям гэтая супольнасць беларусаў, гістарычных лузераў, якія заўсёды прайграюць і якія згубілі ўсё сваё на карысць больш харызматычных народаў.

Але гэта як паглядзець. Гісторыя беларусаў насамрэч поўная таго ж самага схаванага ўпартага гераізма, які зразумее любы падлетак: што б ні было, якія б моцныя народы не прыходзілі ў твой пакой і не патрабавалі б ад цябе радавацца жыццю пад іхную дыктоўку, ты ўсё адно радуешся НЯ ТАК. Няхай ціха. Няхай  павольна. Няхай праз скандалы і маўчанне тыднямі за сямейным сталом, але – НЯ ТАК.

Беларусь – краіна-падлетак, у самым поўным сэнсе гэтага слова. Не вынік, а шлях. Не пройгрыш, а нагода для сталення. Не імгненне, але гады.

Як закласці тую нацыянальную матрыцу, каб яна магла стаць сапраўдным апірышчам чалавеку ў будучай ідэнтыфікацыі? Як даць яму веданне пра тое, што калі ён захоча – яму ёсць на што абаперціся ў сваіх пошуках, на нешта вялікшае за часовыя суполкі і будзь-якія браслеты?

Таксама вядома: праз культуру. Не трэба запіхваць яе ў дзяцей гвалтам, не трэба наогул запіхваць, яна проста мусіць быць побач. У патрэбны час яна гэтаксама будзе побач –і юнак прыхінецца да яе, бо няма, мне падаецца, больш надзейнага падмурку для маладога чалавека, чым адчуванне сябе ў супольнасці сваіх адэкватных суграмадзян.

Што дапаможа стварыць такі надзейны падмурак:

Супольныя вандроўкі па краіне, дзякуй Богу, у нас ёсць куды ездзіць і што глядзець, нават без дапамогі: у сеціве вялікая колькасць і маршрутаў, і падрыхтоўчай інфармацыі.

Музеі. Пры ўсім пры тым, што зараз музейная сфера перажывае не лепшыя часы, але дзясяткі шыкоўных музеяў у Беларусі ўсё яшчэ захоўваюць культуру такой, якой яна ёсць. Асабліва – музеі ў невялікіх гарадах і мястэчках. Хаця і сталічныя я б рэкамендавала і па сёння.

Чытанне. Тут я мушу асобна прагаварыць: так, вартай мастацкай літаратуры для падлеткаў у нас вобмаль. Шмат чаго трэба яшчэ напісаць. Але і тут ёсць з чаго пачаць: Валер Гапееў, Ксенія Шталянкова, Аляксей Шэін - аўтары, якія не падводзяць. Яшчэ назіранне: паэзія міжваеннага часу моцна захоплівае падлеткаў, значна хутчэй, чым сучасная – бо яна прасцей у сродках і мацней па энергетыцы за цяперашнюю.

Але чытанне ж магчыма не толькі мастацкае. На нашае шчасце, цяперашнія падлеткі не заточаныя выключна на мастацкую літаратуру, больш за тое: яны часцей якраз чытаюць нонфікшн (калі ўвогуле чытаюць). І я б параіла звярнуць увагу на цэлы космас беларускай краязнаўчай і навукова-папулярнай літаратуры, якая выходзіць цяпер проста кіламетрамі, нават тут, у Беларусі. Падарожжы па гарадах і вёсках, этнафіласофія, гісторыя буквара, ілюстраваныя альбомы мастакоў, якія можна проста разглядаць у сумную хвілінку – усё гэта мусіць быць пад рукой, проста ў сям'і, каб адгукнуцца ў патрэбны час.

Беларушчына якая яна ёсць – сама па сабе надзейная прышчэпка і супраць афіцыёза любога кшталту, і супраць агрэсіі, і супраць самоты і адзіноты, бо вайб нашай культуры і нашай краіны – вельмі падлеткавы: адзінота і ўпартасць, змаганне і падуладнасць, немагчымасць замкнуць дзверы свайго пакоя на ключ – і вострая прага калі-небудзь гэта ўсё ж такі зрабіць.

І тады, калі такі падмурак будзе, я б не баялася нават паступлення падлетка ў любыя сілавыя акадэміі. А што, нашай краіне не патрэбная свая армія? Свая міліцыя? Свой суд?