Сёння год, як мы забіралі дзяўчат з Жодзінскага ІЧУ, куды яны трапілі з антываенных пратэстаў. Я б сама наўрадці б успомніла гэтую дату – падказаў, як не дзіўна, Ільюха, які два тыдні таму раптам паведаміў мне: "Мама, а сёння год, як арыштавалі Любу з Жэняй", а сёння з раніцы сказаў: "А сёння год, як іх выпусцілі". Чаму ён гэта так дакладна памятае, для мяне дзіўна. Звычайна ён не надта арыентуецца ў датах.
І я ўспомніла, канешне ж, як мы іх сустракалі. Некалькі дзён я бегала па крамах і набывала ім усё навюткае: пасцельную бялізну, халацікі, начнушачкі, каб яны маглі апрануцца не проста ў хатняе, а ў новенькае, прыгожанькае, чыстае-чыстае. Накупіла новенькіх духмяных шампуняў і мыл. Нагатавалі ім смачнага, а ў дарогу, пакуль ехаць з Жодзіна да дома, узялі ім, як маленькім, хэпі мілы з Макдональдса – каб адчулі сябе па-дзіцячы задаволенымі.
Іх сустракалі шмат сяброў, але я баялася неадэкватнай рэакцыі супрацоўнікаў ІЧУ і ўсіх адправіла да нас дадому, каб віншавалі ўжо там. І тады ў нашай кватэры сабралося чалавек, мо, з паўсотні: і Любіны сябры, і Жэніны, і мае сяброўкі, і мая мама. Увесь вечар дарослыя толькі і рабілі, што рэзалі бутэрброды, насілі туды-сюды пячэнькі і торцікі, гарбату і кампоты, а дзеці розных узростаў і масцей гаманілі пра сваё, а некаторыя, не хаваючыся ўжо, хадзілі на наш балкон паліць.
Гэта быў вельмі харошы дзень насамрэч.
І як жа хочацца, каб як мага хутчэй кожны-кожны, хто чакае сваіх родных, мог кінуць усё - і займацца дарагой сустрэчай. Я моцна-моцна, вельмі моцна жадаю тым, хто чакае, дачакацца.
…
Чорнага беларускага гумару вам перад сном) У нашым сямейным чаціку брацік Іллюша павіншаваў сястрычак з памятнай датай такім паведамленнем: "Вы ужо цэлы год не сядзелі ў турме")
Як сказаў калісьці мой тата, пачухаўшы патыліцу, "ну і сямейка")