Дзённік настаўніцы.23 сакавіка

Ганна Севярынец
24.03.2023

Сёння з раніцы ў наш двор выйшаў хлопчык. Маленькі такі, можа, пяты клас. Ішоў праз двор вельмі павольна, ледзь-ледзь шавяліў нагамі, ішоў, нізка апусціўшы галаву і засунуўшы рукі глыбока ў кішэні.

Людзей навокал шмат самых розных, і дарослых, і дзяцей, але ён неяк так самотна і тужліва ішоў, што быў заўважны.

І тут аднекуль з нябёсаў пачуўся дзікі крык:

- Иван! Если ты, б..., собираешься куда-то успеть, то шевели, сука, булками!

Я ажно падскочыла і стала мне ніякавата, хаця я і не Іван.

А гэты хлопчык і быў Іван, бо ён скукожыўся яшчэ больш і пайшоў хутчэй, асцярожна азіраючыся на гук. Прыніжэнне ягонае было відавочным усяму двару, канешне, але што паробіш. Ён зайшоў за прыпаркаваныя машыны, яшчэ раз азірнуўся - і зноў пабрыў пад прыкрыццём, шчэ больш павольна як раней.

- Иван! Я, б..., тебя не понимаю! Если ты хочешь успеть на тренировку, ты должен, б.... , бежать!

Іван, канешне, не пабег (пяты клас вам не другі), але пайшоў шпарка. Я ўжо вылічыла крыніцу гэтага кашмарнага гуку – на адным з балконаў стаяла худзенькая жанчынка і ажно перагіналася, каб усачыць свайго Івана. Твар яе быў нейкі нават чорны ад злосці.

А ў мяне паверх вышэйшы за тую жанчынку, і бачу я далей. І таму з яе вачэй Іван сышоў хутчэй. Яна плюнула, ляпнула дзвярыма і знікла з балкона.

А Іван, скукожыўшыся, перайшоў на вельмі павольны тэмп і папоўз за рог дома на нейкую ненавісную трэніроўку.

Я думаю, што ўсё зло свету пачынаецца вось з гэтага.