25.03.2023
АПАЛІТЫЧНЫЯ ДУМКІ Ў ГОЛАС НА ДАБРАВЕСЦЕ 25 САКАВІКА 2023 г. ПА-ЗА МЕЖАМІ ДАБРА І ЗЛА З ПОГЛЯДУ ФАРМАЛЬНАЙ ЛОГІКІ: БНР ЯК ГІСТАРЫЧНЫ БАНКАРТ І АНФАН ТЭРЫБЛЬ ДЛЯ СУСЕДЗЯЎ. “ПРАВА” МАСКОВІІ, ПАЗНЯКА І ЛУКАШЭНКІ НА СВАЮ ПРАЎДУ. ЦІХАНОЎСКАЯ -- ВЫПАДКОВАЯ АМБІВАЛЕНТНАЯ ДАНАСЦЬ І СТЫХІЙНЫ МУЛЬТЫПЛІКАТАР БЕЛАРУШЧЫНЫ. СІДАРЭВІЧ ЯК КАБІНЕТНЫ МУДРЫ ЎДОД З ЗАЛЕПЛЕНЫМІ ВУШАМІ
Паводле свабоды на права выбару, дадзенай чалавеку Небам, кожан вольны выбіраць напачатку хоць і цьмяна свой шлях да той прасторы, дзе бытуе Дабро і Зло.
Выбар робяць асобы і групы асобаў, што ўсвядомілі сваю падобнасць і агульнасць.
БНР у 1918 г. ніхто, акрамя думных ліцьвінаў-беларусаў з добрай душой, не хацеў.
Германія з глыбокіх кайзераўскіх і царскіх часоў аддала нас у зону ўплыву Расіі, а сама забрала ў зону сваіх геапалітычных інтарэсаў ўсю Балтыку да Валынскіх балот на Ўкраіне. І потым адыграла галоўную ролю пры ўсталяванні незалежнасці балтыйскіх рэспублік у хаўрусе з Брытаніяй і скандынаўскімі суседзямі.
Тагачасны зварот Рады БНР да Германіі, якая вяла перемовы з УСІМІ нашымі суседзямі, -- НАТУРАЛЬНЫ РАЗУМНЫ ДЫПЛАМАТЫЧНЫ КРОК. Нашы незычліўцы гавораць пра "халуйскІ" ліст кайзэру. Пра дыпламатычную стылістыку можна спрачацца.
Польшча па-свойму глядзела на нашы тэрэны. Паланізацыя нашай шляхты была гістарычна дабраахвотная, бо цывілізацыйнае святло ішло з Захаду, а з Усходу пагражала лавіна бязлітасных намадаў. Пра гэта пісаў у свой час Энгельс у 1861 г. у штотыднёвіку “Таймс” – пра знешнюю палітыку Расійскага царства і “так званае” Вялікае княства літоўскае. Энгельс не валодаў нюансамі палітонімаў ды этнонімаў.
Потым беларушчына узрадзілася ў першую чаргу на каталіцкіх абшарах сярод нашай разначыннай шляхты. Украіна, Літва, Латвія самі вылузваліся з імперскіх абдымкаў. У Чыкага яшчэ да заявы літоўскай Тарыбы пра незалежнасць засядала шматтысячная літоўская суполка. Мы былі слабыя ў параўнанні з суседзямі. Україна ўдзельнічала ў перагаворах з Германіяй пры падпісанні Брэсцкага міру, і гетманскія перамоўшчыкі ездзілі ў Маскву на сустрэчу з бальшавікамі з перакладчыкам.
Масква такая, якая яна ёсць. Пра гэта пісалі і Тойнбі, і акадэмік Дзмітрый Ліхачоў. “Ясачная рэнта” і экспансія на працягу 150 гадоў, што давала штогадовы прырост тэрыторыі на адну Галандыю. АЛЕ РАСІЯ МАЕ НА ГЭТА ПРАВА ПАВОДЛЕ СВАЁЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ ГЕНЭТЫКІ. Як і ЗША -- нацыя мігрантаў, краіна энергічных і авантурных, пакрыўджаных рэлігійна і эканамічна, гнаных брытанскай каралеўскай уладай думных людзей, што прадэкляравалі лозунг “НІЯКІХ ПАДАТКАЎ БЕЗ ПРАДСТАЎНІЦТВА Ў ПАРЛАМЕНЦЕ” (No taxation without representation) і з цягам часу запачаткавалі эпоху PAX AMERICANA.
ЗМЯНІЦЬ МІФ ПАКУТАЎ НА ПЕРАМОЖНЫ ЦВЯРОЗЫ АПТЫМІЗМ
Кожны народ мае свае гістарычныя міфы пакутаў і гераізму. Сёння на дзень Дабравесця і гадавіны БНР добра памінаць загінулых і памерлых бацькоў Беларушчыны, але гэты Дзень – не Дзяды з ціхім застоллем і выразаннем на бэльках ініцыялаў імёнаў сваіх прашчураў. Гэта – свята вясны, радасці і спеваў.
Глядзіце на жаўрукоў, дзе яны ўжо прыляцелі. Яны ж не проста радуюцца вясне, а “мецяць у Небе сваю тэрыторыю на Зямлі”, спускаючы перпендыкуляры спеваў на першую зеляніну ўзмежкаў, выганаў, палёў. Яны думаюць аб працягу свайго роду…
Вясну гукае ўвесь жывы свет. Вол бушуе – вясну чуе.. У раўнадзенства хапае здаровага сну на дзве гадзіны меней. Прачынайцеся, праграмуйце нэўрасістэму на доўгія гады, спявайце зранку. Прыбабуньку пра птушку, якую з’есць кошка, калі птушачка рана заспявае, прыдумалі часовыя няўдачнікі і непамерныя рупліўцы-працаголікі, што не разумеюць шчасця сапраўдных эпікурэйцаў: абложнай працы – свой час, а пасля працы – сябры, віно і спевы. Мы – беларусы. Мы ёсць. Мы – будзем.
Пра што б мы ні гаварылі – як пра апошнюю кніжную выставу-кірмаш – кожны мае права на сваю оптыку і сваю стылістыку, але добра кожнаму разумець сваю місію, -- любіць Беларусь і ўмела сцвярджаць сваю перамогу ў актыўнай камунікацыі са сваімі апанентамі, ЯКІЯ МАЮЦЬ ПРАВА БЫЦЬ НАШЫМІ НЕЗЫЧЛІЎЦАМІ СА СВАІМ РАЗУМЕННЕМ ДАБРА І ЗЛА.
ЛУКАШЭНКА І ПАЗНЯК
Бог ці д’ябал далі і Пазняку і Лукашэнку выбар быць самімі сабою. Кожны мае свой жыццёвы лёс і досвед. Сваё, калі хочацце, нябеснае пакліканне. Толькі з такой пазіцыі трэба на іх глядзець. У мяне асабіста не вырас ворган нянавісці і непрыязні да сваіх апанентаў і сяброў. Я магу толькі іранізаваць і шкадаваць. Не закранаючы паняткаў дабра і зла, мы можам канстатаваць: Лукашэнка і Пазняк – браты-блізняты паводле канфігурацыі “НЕ Я СЯРОД ЛЮДЗЕЙ, А ЛЮДЗІ ВАКОЛ МЯНЕ”. Знакавыя публічныя выказванні першага прэзідэнта Беларусі мы ведаем усе.
У сваім навагоднім віншаванні беларусам Зянон Пазняк ці не ўпершыню афарыстычна-лапідарна сфармуляваў тэзіс, што ў Беларусі ёсць усяго два палітычныя суб’екты-асобы, што маюць палітычны капітал – Аляксандр Лукашэнка і ён – Зянон Пазняк. І кожны з іх стварыў свой даробак. Адзін, маўляў, нішчыў Беларусь, другі – адраджаў у час ВС 12-га склікання. Беларусь стала дэ-юрэ суверэннай.
Скажы ж ты дзеля справядлівасці, як некалі гаварыў Лукашэнка пра Гітлера: не ўсё дрэннае было ў Лукашэнкі. Як некалі Чарнышэўскі гаварыў пра ідэал прыгажосці, разглядаючы прыгажосць земнаводных, трэба прызнаць, што з гледзішча разумення Лукашэнкам сваёй місіі, ён беззаганна ўпісваецца ў сваё пакліканне ратаваць любым коштам месіянскія маскоўска-візантыйскія рамантычныя каштоўнасці насуперак геданістычнаму і агрэсіўнаму парочнаму Захаду. Нават рызыкуе занырнуць у акіян іншых далёкіх цывілізацый.
На нашых вачах свет з часовай ўзбунтаванай суспензіі пачынае вырысоўвацца і вымалёўвацца ў новай крышталізацыі. Каб жа не адбыўся лабараторны выбух …
Канспіралогія і агенты спецслужбаў ёсць ва ўсім свеце. Гэта – як бы “звычаёвае”, па панятках, права. У нас ўлада і апанеты збіліся на абразы: абзываюць мянушкамі адно аднаго. Але ж – час, людзі, збег абставінаў, тэхналогія прапаганды і камунікацыя людзей мяняеюцца. Не звяртаючы ўвагу на інфармацыйны выбух і змену сродкаў прапаганды ідэй і поглядаў з папярова-трыбунных на віртуальныя, Зянон супярэчыць самому сабе: заклікаючы трымацца разам, берагчы сваіх, ён ДА СВАІХ ПРЫЛІЧАЕ ТОЛЬКІ ТЫХ, КАГО ЁН, ЗЯНОН ПАЗНЯК, “РАЗБУДЗІЎ” у канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Я сам належу да тых абуджаных . Але цяпер іншы час, іншыя патрэбы людзей у разуменні шчасця і жыццёвага камфорту у духоўнай і матэрыяльнай сферы. Нараджаюцца новыя лідары, -- глыбокія, стыхійныя, віртуальныя -- з большым ахопам "інтэрасантаў, якія паступова могуць стаць сапраўднымі дзейнымі актарамі жывых рухаў.
СВЯТЛАНА ЦІХАНОЎСКАЯ
Скажу зусім па-за палітыкай – як у французскай ВАНДЭІ : Няважна, хто што планаваў, неістотна, на чые грошы што рабілася, важны вынік: з ахвярамі, крывёю, смерцямі, стратамі, новым патопам і ВЯЛІКІМ ЧАСОВЫМ ЗЫХОДАМ – светлай, масавай, белай, рамантычнай, глыбокай, гістарычна-новай Беларусі ПАБОЛЬШАЛА. Гэтага б не здарылася, калі б да гэтага не было паддашкаў, майстроўняў і БНФ.
БЧБ-сцяг і “Пагоня” не сталі б сапраўднымі нацыянальнымі сімваламі. Падзеі 2020-га году навечна застануцца ў нашай народнай і ўсясветнай памяці як пратуберанец праведнасці, як НЯБЕСНАЯ МАЁЎКА, як дзень радасці і святога гневу.
Мова наша насуперак пасіянарнаму суседу, чый геапалітычны празэлітызм замяняе адсутнасць такога ў царкоўных дэкларацыях, фармальна заяўленага вуснамі апостала Паўла ў інтэрпрэтацыі Маскоўскага патрыярхату, ажывае, вымывае з сваіх глыбінь новыя скарбы. Мова будзе жыць і мы разам з ёй.
Святлана Ціханоўская – шараговая беларуская жанчына-Папялушка, з добрым сэрцам і вернасцю сямейным повязям, выпадкам лёсу ад выпадковага сімвалу супраціву ператварылася ў інфанту, якая, як можа і разумее, робіць сваю бескарысную (так!) справу дзеля дабра беларускага народу.
Толькі чалавек з рысамі разумнага самазарэфлексаванага ідэаліста, будучы апантаным высокай ідэяй свабоды нацыі, можа так халодна, як металічнымі стружкамі, рысаваць выяву вінаватай ў разбуральных санкцыях Захаду і выносіць прысуд жанчыне, якая стала гістарычным лістком , гнаным ветрам …
Зянон папракае "новую апазіцыю" і асабіста Ціханоўскую, што заклік да санкцый штурхае Беларусь у абдымкі Расіі. ЦІ Ж Ў НАС ДА ЦІХАНОЎСКАЙ І ДА САНКЦЫЙ НЕ БЫЎ ВЫБРАНЫ КУРС НА ЗЛІЦЦЁ З МАСКВОЙ? ЦІ Ж ГЭТА ЦІХАНОЎСКАЯ ПРЫДУМАЛА САНКЦЫІ? ГЭТА – ТРАДЫЦЫЙНАЯ, НЕ ЗАЎСЁДЫ ЭФЕКТЫЎНАЯ ЗБРОЯ ГЕАПАЛІТЫКІ. УЗГАДАЙЦЕ ЧЫЛІ, ДЗЕ ЯНА БЫЛА ЭФЕКТЫЎНАЯ. Натуральна, заклік апазіцыі да санкцый трэба было рабіць, глыбока праналізаваўшы магчымасці рынку і стану міжнароднага заканадаўства. Гэта асобная тэма. Цяпер мы бачым закрыццё польскіх межаў. Гэта і ёсць заслона супраць трансферу санкцыйных тавараў у Расію праз Беларусь.
З НАШАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГЕАГРАФІЯЙ, як краіне невялікіх памераў і сярэдніх прыродных рэсурсаў ніяк не выпадае існаваць па-за гепалітычнымі блокамі як абсалютна незалежнай дзяржаве. Сакцыі, бонусы, трансгранічныя дамовы -- парадыгма, на якую не могуць уплываць асобы і групоўкі кшталту нашай апазіцыі з эміграцыйным статусам у пераходны перыяд. Мы можам толькі імкнуцца ўпісацца ў тую ці іншую канфігурацыю. Гэта трэба разумець больш-менш дасведчанаму ў геапалітыцы чалавеку.
Гэта ж трэба было быць сляпым і глухім, каб не бачыць на твары Ціханоўскай адкрытую усмешку, калі яна па-народнаму “ліцэпрыятно”, я сказаў бы адважна дыпламатычна, назвала Уладзіміра Пуціна "мудрым" у звароце да яго ў 2020 годзе! Тады ж яшчэ расейскія гвардзейцы не былі ўведзены ў Беларусь, і Захад намагаўся стварыць спецыяльную місію ОБСЕ для правядзення новых выбараў у Беларусі пры пасярэдніцтве Расіі паводле так званага “Маскоўскага механизму” (пратаколу), які змяніў два папярэднія “Венскія”. Дыпламаты гэта ведаюць. Як былы першы амбасадар РБ у ФРГ я атрымаў пра гэта афіцыйны ліст з канцылярыі канцлеркі Германіі на мой зварот пасля выбараў 2020. Тады не было яшчэ так званай расійскай СВО ўва Ўкраіне.
АНАТОЛЬ СІДАРЭВІЧ (да Анатоля ў мяне асацыяцыі мусульманскія =мудрая веснавая птушка; у славян -- амаль наадварот).
Анатоль папракае Ціханоўскую (фактычна і яе дарадцаў), што яны не ведаюць тонкасцяў мінулай гісторыі адносінаў Беларусі з палякамі ды ўкраінцамі. Ён -- добры гісторык, які чытае першакрыніцы. Але агучвае свае веды без уліку жывога жыцця. Польшчы паспеў выказаць усё пра санацыйную палітыку 20-30-х гадоў і абгрунтаваў, што сапраўднай Другой Рэчы Паспалітай, Рэспублікі "чатырох" народаў – літоўцаў, беларусаў, украінцаў і палякаў” не было. Па максімуму можна нават сказаць: "Так і ест!". . Але ж не да часу такое дэкляраваць ЦЯПЕР пад бой званоў.
Тое ж і з Украінай. Сідарэвіч крытыкуе выказванне Ціханоўскай, што мы з украінцамі ніколі не ваявалі. Але ж гэта -- прыгладжаная СУЧАСНАЯ дыпламатычная форма палітэсу. Да таго ж, калі быць дакладным -- у дзяржаўным фармаце так. Не было дзяржавы-Украіны і дзяржавы-Беларусі, якія ваявалі. Больш за тое: наш Доўнар-Запольскі, калі фінансаваў беларуска-украінскую Гандлёвую палату (фактычна для БНР) на Украіне, рабіў гэта і з ласкі і прыхільнасці украінскіх прадпрымальнікаў. Ці ж гэта не доказ адваротнага? Ведаем мы пра казакаў Налівайкі і Багдана Хмяльніцкага, чыталі мы фантастычныя артыкулы ўкраінскіх гісторыкаў-аматараў пра украў, якія выкапалі Понт Эўксінскі, і погляды Грушэўскага на прылеглыя этнічныя беларускія тэрыторыі вядомыя не толькі Сідарэвічу. Дзеля аб'ектыўнасці мог бы Анатоль узгадаць погляды Грушэўскага на "украінскасць" і "беларускасць" Статутаў ВКЛ у розныя перыяды гісторыі. Тут яго бязлітасна крытыкуюць украінскія гісторыкі-патрыёты, дзе ён падкрэслівае моўную "беларускасць" Статута з улікам "геаграфіі" Вільні. Пра небяспеку украінскага радыкальнага суперпатрыятызму не раз узгадваў і Андрый Баўмейсцер, прафесар-філосаф нямецкага паходжання, чый прадзед будаваў яшчэ да рэвалюцыі першыя металургічныя заводы ўва Ўкраіне ў цяперашнім Дняпры.
На Дабравесце 25 сакавіка і Дзень абвяшчэння БНР – найлепшыя віншаванні і пажаданні ўсім сябрам Фб!
PS Больш падрабязна аб прычынах неэфектыўнасці еўрапейскіх санкцый гл. публікацыю на маёй стужцы за 9.01. 2023 г. "Чаму я меншы аптыміст ..."
Ілюстрацыя: Дзеткі з ансамбля “Чараўніцы”.