Валерый Варганаў: “Заўсёды радуюся вучнёўскім адкрыццям”

Сёння ў рубрыцы "Асобы ў адукацыі" прапануем матэрыял "Настаўніцкай газеты" пра думкі, развагі і 30-гадовы вопыт Валерыя Варганава, якія будуць карысныя не толькі маладым настаўнікам, але і прафесійным гісторыкам і края­знаўцам.
Каб займацца школьным края­знаў­ствам, недастаткова сабраць каманду зацікаўленых вучняў і разам з імі запісваць успаміны старажылаў, вывучаць адметныя мясціны або збіраць прадметы даўніны. Такім дзеянням абавязкова павінна папя­рэднічаць тэарэтычная падрыхтоўка. Важна ведаць, з кім працаваць, каго распытваць, пра што гутарыць, што даследаваць, дзе шукаць, і, самае галоўнае, якіх чакаць вынікаў. Для вопытных педагогаў-краязнаўцаў вызначыцца з гэтымі аспектамі нескладана. І ўсё ж думкі, развагі і 30-гадовы вопыт Валерыя Варганава будуць карысныя не толькі маладым настаўнікам, але і карыфеям края­знаўчай справы.
“Каб пэўная тэма знаходзіла водгук у сэрцах дзяцей, нярэдка дастаткова ўсяго толькі 45 хвілін, але пры ўмове, што краязнаўчыя заняткі будуць насычаны цікавай, арыгінальна пададзенай інфармацыяй”.
“Спачатку важна сфарміраваць каманду аднадумцаў, зацікавіць дзяцей краязнаў­ствам, хаця б адным з яго напрамкаў. Як абу­дзіць цікавасць, скажам, да гістарычнага края­знаўства? Гэта можна зрабіць праз вывучэнне лёсу ўдзельніка падзей мінулага. Трэба ўявіць думкі і пачуцці, якія апаноўвалі канкрэтнага чалавека, стварыць атмасферу эпохі, зыходзячы з тых маральных катэгорый і ўяўленняў, якія былі характэрны для пэўнага гістарычнага перыяду. Адзін са сродкаў — сведчанні простых лю­дзей. Напрыклад, можна прапанаваць вучням запісаць успаміны старажылаў, паспрабаваць перанесціся ў прасторы і часе”, — падзяліўся настаўнік.
Па словах Валерыя Валер’еві­ча, эфектыўным сродкам абуджэн­ня цікавасці вучняў да гісторыі роднага краю з’яўляецца эмпатыя, калі дзеці ўяўна пераносяцца ў пэўную гістарычную эпоху і новая інфармацыя прахо­дзіць праз іх душу і сэрца. Вучань становіцца часткай падзей мінулага, спрабуе адчуваць і разумець людзей, якім давялося жыць у згаданых абставінах. З дапамогай апісання, вобраз­най характарыстыкі, персаніфікацыі, драматызацыі фарміруюцца гістарычныя вобразы.
“Заўсёды радуюся вучнёўскім адкрыццям, калі заўважаю ў вачах дзяцей іскрынкі спазнання новага, нязведанага. Калі яны распытваюць родных пра падзеі вайны, ім становіцца цікавым гістарычнае краязнаў­ства. Адзін вучань даведаўся, што яго пра­дзед загінуў у нацысцкім канцлагеры, прапаў без вестак. З дапамогай нямецкага боку яму ўдалося знайсці інфармацыю пра продка. Пасля гэтага вучню яшчэ больш захацелася вывучаць гісторыю вайны. Каб пэўная тэма знаходзіла водгук у сэрцах дзяцей, нярэдка дастаткова ўсяго толькі 45 хвілін, але пры ўмове, што края­знаўчыя заняткі будуць насы­чаны цікавай, арыгінальна пада­дзенай інфармацыяй”, — паведаміў края­знавец.
Такія заняткі Валерый Вар­ганаў право­дзіць у рамках факультатыву “Гіс­торыя Кармян­шчыны”, праграму якога ён склаў у 2016 годзе. Падобныя курсы распрацаваны настаўнікамі-краязнаўцамі ў многіх раёнах Беларусі. Аднак, на жаль, яны выкарыстоўваюцца далёка не ва ўсіх школах. Хаця менавіта такія пра­грамы, заснаваныя на мясцовым матэрыяле, да­зваляюць эфектыўна вырашаць пытанні фарміравання ў вучняў любові да малой радзімы. Факультатыў “Гісторыя Кармян­шчыны” з’яўля­ецца края­знаўчай дысцыплінай і ўключае матэрыял па Кармяншчыне ў кантэксце як Пасожжа, Гомельшчыны, так і ўсёй Беларусі. Сваім зместам ён інтэгруецца з асноўнымі вучэбнымі дысцыплінамі. Мясцовы матэрыял спалучаецца з ведамі, набытымі на ўроках гісторыі, мовы, літаратуры, геаграфіі, абагульняюцца і ўводзяцца ў змест навучання элементы краязнаў­ства, сучаснай гістарычнай і грамадскай думкі. Факультатыў накі­раваны на самарэалізацыю асобы вучня праз вывучэнне сваёй сям’і, роду, малой радзімы, адпаведна, і на больш глыбокае разуменне і асэн­саванне гісторыі і сучаснасці краіны.


Фота І.Грэчкі, "Настаўніцкая газета"

Валерый Варганаў аўтар больш за 350 публікацый у газетах і часопісах, кніг “Алімпіяды па гісторыі: з вопыту работы”, “Нарысы гісторыі Кармян­шчыны. Частка 1. Эпоха першабытнасці”, “Методыка вывучэння Вялікай Айчын­най вайны”, “Настаўнік пасля ўрокаў” (у суаўтарстве), “Настаўнік у школе” (у суаўтарстве) і інш. Ганарыцца Валерый Валер’евіч і ўдзелам разам з іншымі педагогамі раёна ў складанні тапанімічнага слоўніка Кармяншчыны.
Цалкам прачытаць артыкул Ігара Грэчкі пра Валерыя Варганава можна на сайце "Настаўніцкай газеты": https://nastgaz.by/zausyody-raduyusya-vuchnyouskim-adkrytstsyam/