У мяне здарылася так, што першую палову свайго прафесійнага настаўніцкага жыцця я ўвесь час кансультавалася з мамай – а цяпер увесь час кансультуюся са сваімі дзецьмі, ці нават іншы раз са сваімі вучнямі. Не магу ўявіць сабе, што б я без іх рабіла. Ці гэта сведчанне маёй сама-не-дастатковасці, ці нешта больш прыемнае для мяне – не ведаю. У любым выпадку сама па сабе я была б бездапаможная, асабліва цяпер.
Свет настолькі моцна змяніўся і змяняецца, што мы са сваім не надта шпаркім розумам, даволі стэрэатыпным мысленнем і інтэлектам, сфармаваным яшчэ ў далічбавую эпоху, проста не можам паспяваць за ім. Канешне, у нас ёсць і свае перавагі: мы больш структураваныя, мы лепей каталагізуем і структуруем, у нас значна больш эмпірычнай інфармацыі ў галаве, урэшце рэшт, ёлкі палкі, мы добра ведаем геаграфію (мне падаецца, гэтая веда чамусьці больш за ўсё "прасела" ў сучасных дзяцей). Але нашыя недахопы – павольнасць, моўная абмежаванасць, трыманне старых парадыгмаў – ну проста патрабуюць удзелу дзяцей у нашым як мінімум прафесійным жыцці.
Адпаведна я так і не разумею, чаму людзі старога веку замест таго, каб супрацоўнічаць з маладымі – змагаюцца з імі і цягнуць іх у свае заімшэлыя матрыцы. Як на палітычным і геапалітычным узроўні, што нам непадуладна, так і на асабістым, у сям'і, што ўжо цалкам у нашых руках.