У гэтым модулі мы разглядаем зваротную сувязь, якая з'яўляецца ядром актыўнай ацэнкі. Зваротная сувязь (ЗС) – гэта дыялог настаўніка і вучня; дыялог, які дапамагае вучню вучыцца.
Пачнём з імгненнай зваротнай сувязі ад вучняў да настаўніка падчас урока. Часта настаўнікі выкарыстоўваюць простыя прыёмы, напрыклад, тэхніку святлафора. Яна прызначана і для самаацэнкі, і для атрымання настаўнікам інфармацыі, ці можа ён пераходзіць да вывучэння новага матэрыялу. Паглядзім, як вучні даюць настаўніку інфармацыю аб працэсе навучання з дапамогай картак-святлафораў (настаўніца Вольга Баркоўская).
Якой мусіць быць якасная зваротная сувязь?
Паляпшэнне навучальнага працэсу на думку сусветна вядомага аўстралійскага даследчыка прафесара Дж. Хэці звязана з тым, што “зваротная сувязь павінна даваць інфармацыю, непасрэдна звязаную з заданнем або працэсам навучання, указаць, як запоўніць прабел паміж тым, што вучань разумее і што трэба зразумець, у якім кірунку працаваць, і як можна зрабіць гэта некалькімі рознымі спосабамі. У гэтым выпадку зваротная сувязь набывае новыя формы навучання, а не інфармавання”.
Неабходныя ўмовы для зваротнай сувязі
Даследаванні паказваюць, каб быць эфектыўнай, зваротная сувязь павінна быць дакладнай, мэтанакіраванай, змястоўнай і сумяшчальнай з папярэднімі ведамі вучня, а таксама мець лагічныя злучэнні. Засяроджваем увагу: ЗС павінна абавязкова суадносіцца з НаШтоБуЗУ, і, самае галоўнае, яна павінна актыўна заахвочваць вучня да працы.
Наступны ролік дэманструе выкарыстанне зваротнай сувязі на ўроку матэматыкі (настаўніца Кацярына Ветрава, СШ № 17 г. Барысава). Зваротную сувязь ад настаўніка паводле НаШтоБуЗу дзеці атрымалі ў выглядзе пісьмовых каментароў да самастойнай работы. Адзнака за гэту работу не выстаўлялася. Зваротную сувязь ад дзяцей настаўнік атрымаў з дапамогай картак-святлафораў – зялёны (усё зразумела, няма пытанняў; жоўты – зразумела, але ёсць пытанні; чырвоны – незразумела, не згодны).
Элементы ЗС:
Ацэнка работы вучня прызначаная для таго, каб той выкарыстаў яе ў працэсе навучання, павінна мець форму вычарпальнага каментарыя – зваротнай сувязі. Такая інфармацыя паслядоўна ўключае чатыры элементы (правілы, алгарытм ці шаблон ЗС):
1. Што вучань зрабіў добра.
2. Што трэба паправіць.
3. Як трэба палепшыць.
4. Як вучань можа развівацца далей.
Паглядзім як працуюць правілы ЗС у роліку, дзе вучні каментуюць работы аднакласнікаў па шаблону ЗС.У роліку выкрыстаны фрагмент урока матэматыкі СШ № 17 г. Барысава (настаўніца Кацярына Ветрава).
Як напісаць добры каментарый? Дзе паставіць коску ў наступным выразе: хваліць нельга крытыкаваць?
Напісанне каментарыя з’яўляецца вялікім мастацтвам. Як адзначае польскі дыдакт Данута Стэрна: “Добры каментарый заўсёды павінен уключаць чатыры элементы: падкрэсліванне і пахвала станоўчых бакоў вучнёўскай работы, адзначэнне таго, што павінна быць выпраўлена, над чым трэба папрацаваць дадаткова; падказкі, як гэта можна зрабіць, і парады, у якім напрамку вучань павінен працаваць далей. Спачатку трэба пахваліць, а потым у карэктнай форме (каб не пакрыўдзіць і не адбіць ахвоту вучыцца) паказаць на памылкі… ”
Часцей за ўсё ЗС мае форму пісьмовага або вуснага каментарыя вучнёўскай работы. Часта настаўнікі блытаюць зваротную сувязь з апісальнай ацэнкай – меркаваннем аб уменнях і ведах вучня пасля засваення пэўнай часткі матэрыялу, раздзела або ў канцы чвэрці ці навучальнага года. Але калі зваротная сувязь падаецца як заключэнне ці рэзюмэ, яна не можа ўтрымліваць падказкі і парады: нельга палепшыць тое, што мы ўжо скончылі вывучаць. Давайце паспрабуем суправаджаць вучня ЗС менавіта ў працэсе навучання.
Лічыцца, што правільная зваротная сувязь акцэнтуе ўвагу “…на крыху вышэйшым узроўні, чым той, на якім сёння працуе вучань, з адным выключэннем. Водгук пра асобу вучня ці на яго асабісты ўзровень (як правіла, пахвала) рэдка бываюць эфектыўнымі”. Правільна напісанай зваротнай сувяззю настаўнік паказвае вучню пэўныя месцы, якія патрабуюць паляпшэння, і памятае, што зваротная сувязь адносіцца толькі да зададзеных крытэрыяў поспеху.
Правілы ЗС універсальныя і добра працуюць на ўсіх прадметах ва ўсіх класах (ад пачатковай школы да старшакласнікаў). Ніжэй мы прыводзім прыклады ЗС, якія ілюструюць шырокія магчымасці выкарыстання зваротнай сувязі ў практыцы нашай школы:
Беларуская мова
Дарагая Варвара! Ты – малайчынка! Добра справілася з пастаўленай задачай! У цябе сапраўды атрымалася апавяданне па прапанаваным малюнку. Ты ўклалася ў 12 сказаў, што звычайна складана для такіх творчых натур, як ты. Ты ўжыла ? ! 12 сказаў, розных па мэце выказвання. Вельмі добра, што ты ўключыла дыялог, але звярні ўвагу, як яго неабходна было аформіць (я табе выправіла). Мне здаецца, што назву тваёй рабоце можна даць цікавейшую. Як ты думаеш? Паспрабуй яе змяніць так, каб тваё апавяданне адразу захацелася прачытаць. Звярніся, калі ласка, да руска-беларускага слоўніка і паглядзі, як перакладаюцца словы, падкрэсленыя ў рабоце хвалістай лініяй. Калі ты з чымсьці не згодна або табе неабходна дапамога, звяртайся. Поспеху! |
Хімія:
Малайчына, Алег! Ураўненне і прапорцыя складзены правільна. Пераклад хімічнай колькасці ў масу рэчыва таксама дакладны. Запомні, што адносная атамная маса хлору для разлікаў – 35,5 а.а.м. Таму: M(KClO3)=122,5 г/моль і правільны адказ задачы – 245 г. Рэкамендую выканаць № 327, № 447, палічыць суму ўсіх каэфіцыентаў. Рашы задачу № 353. Рэакцыя CaCO3 + 2HCl = CaCl2 + CO2 + H2O з'яўляецца рэакцыяй абмену. |
Нямецкая мова
Максім, я ацаніла тваю работу з улікам НАШТОБУЗУ. Ты ўважліва прачытаў тэкст, зразумеў яго і запоўніў табліцу без памылак. Малайчына! Пры пісьмовым адказе на пытанні ты правільна ўтварыў ступені параўнання прыметніка gern. Цудоўна, што ты помніш асаблівыя выпадкі ўтварэння! Пры напісанні складаназалежных сказаў ты зрабіў памылкі: зменная частка выказніка стаіць на апошнім месцы, а не на перадапошнім. Прыдумай і запішы ў сшытку 3 складаназалежныя сказы, улічваючы мае заўвагі. |
Матэматыка:
Андрэй, ты выдатна выканаў работу. Усе заданні вырашаны дакладна, без адзінай памылкі. Ты разумееш, якую велічыню лічыць за 100%, умееш скласці прапорцыю і знайсці невядомы член прапорцыі, ва ўсіх задачах запісаў адказы і ва ўсіх, акрамя адной, запісаў тлумачэнні. Вылічэнні правільныя. Прапаную табе падумаць, як рашыць задачы № 4 і № 5 не ў 4, а ў 2 дзеянні. Дзякуй за выдатную працу. |
Звяртаем увагу, што настаўнік можа адразу зрабіць табліцу з НаШтоБуЗу і слупком для каментарыя, куды будзе запісваць зваротную інфармацыю на работу вучня. Такая практыка пастаянна звяртае ўвагу вучня на крытэрыі поспеху і фарміруе ў яго адпаведны навык.
Цяпер спынімся на кожным элеменце ЗС.
Прапануем рэкамендацыі польскага дыдакта Д.Стэрны і прыклады развагаў пра зваротную сувязь настаўнікаў, якія навучаліся на дыстанцыйным курсе АА.
1. Што вучань зрабіў добра?
Адзначэнне поспехаў надзвычай матывуе кожнага чалавека. На жаль, на гэтым часта спыняюцца і пад вучнёўскай работай пішуць: “Брава, выдатна”, “Так і трымаць!”, “Малайчына!” і г. д. У такіх каментарыях ёсць два недахопы. Па-першае, невядома, што менавіта вучань зрабіў добра і за што ацанілі яго работу. Таксама такі каментарый не паказвае вучню шлях наперад і можа, насуперак намерам настаўніка, дэматываваць вучня. Такім чынам вучань, якога проста хваляць, звычайна не ведае, за што атрымаў пахвалу, і тады гэта не прыносіць навучальнага эфекту. А вось добрая ацэнка больш эфектыўная, таму што ацэньваецца нешта канкрэтнае. Вучні лёгка адрозніваюць пахвалу ад ацэнкі; калі іх проста хваляць, то яны адчуваюць пэўны падман. Таму ацэньвайце іх толькі за канкрэтныя моманты і толькі шчыра і праўдзіва.
Мне здаецца, што мы ўсё ж павінны знайсці нешта станоўчае ў любой самай слабой рабоце. Каментуем жа менавіта гэтую, канкрэтную работу. Нават да варыянта:«Малайчына, што знайшоў у першым заданні большую палову лічэбнікаў». Я разумею, што работы некаторых вучняў проста забіваюць настаўніка, але мы дарослыя і можам змяніць сябе і свой падыход, калі цвёрда вырашылі гэта.
Хваліць трэба. Хаця б за тое, што вучань напісаў працу акуратна ці за цярпенне, што не хацеў адказваць, але ўсё ж напісаў адказ хоць на адно пытанне. Я стараюся думаць так: перш чым крытыкаваць вучня за зробленыя памылкі, падумай, што ты зрабіла для таго, каб іх не было?
2. Што трэба паправіць?
Памятайце, што калі крытыкі будзе занадта шмат, вучань будзе прыгнечаны. Калі выпраўленая настаўнікам работа змяшчае толькі крытычны каментарый і з'яўляецца чырвонай ад выпраўленых памылак, то вучань, як правіла, не можа скарыстацца заўвагамі настаўніка.
Неабходнай умовай прыняцця вучнем зваротнай інфармацыі пра памылкі з'яўляецца яго ўнутраная ўпэўненасць у тым, што настаўнік падтрымлівае яго, верыць у вучня і хоча з ім супрацоўнічаць. Вучань перастане баяцца паказваць свае слабыя месцы, калі заўважыць, што гэта яму дапамагае, што гэта канструктыўна. Старайцеся, каб пазітыўнага было больш, чым негатыву.
Паказаць на памылку вучня – справа простая. Але справа не ў выяўленні памылак, а ў заахвочванні да развіцця. Як можа заматываваць абстрактнае пажаданне “Больш старайся”? Таксама недастаткова сказаць: “Выпраў пунктуацыйныя памылкі”, “Ты памыліўся ў падліках”, “Стыль, дапрацуй работу”, “Шмат арфаграфічных памылак – папрацуй са слоўнікам”. Гэта інфармацыя не будзе карыснай для вучня.
3. Як трэба палепшыць?
Часта настаўнікі лічаць, што дастаткова проста ўказаць на памылку. Але недастаткова вызначыць месцы, якія патрабуюць паляпшэння. Патрэбна інфармацыя пра тое, як палепшыць, каб зрабіць усё добра.Для кожнага месца, якое патрабуе паляпшэння, растлумачце, як гэта зрабіць. Настаўнікі лічаць, што вучань павінен сам праверыць, як выправіць тое, што ён зрабіў не так. Аднак вучань часта не ведае, як гэта зрабіць, і гэта фактычна перашкаджае яму прымаць меры. Ён будзе вучыцца хутчэй і больш эфектыўна, калі вы скажаце альбо напішаце яму, як выправіць памылку. Ваша падказка павінна быць канкрэтнай.
Гэтая частка ЗС вельмі неабходная, асабліва для “добрага” вучня, які вельмі добра выканаў работу. У гэтай частцы можа ўзнікнуць спакуса кінуць выклік вучню ў “зоне яго бліжэйшага развіцця” і заахвоціць яго прыкласці намаганні. Пачніце з маленькіх крокаў і працягвайце спрабаваць. Гэта асабліва важна, бо гэтая частка зваротнай сувязі вельмі асабістая.
Калі вы хочаце, каб вучань прыняў выклік развівацца і прыкладаць намаганні, прапануйце яму нешта карыснае, але не патрабуйце ад яго абавязковага выканання вашых рэкамендацый. Так што лепш будзе напісаць так: “Ты можаш пачытаць твор са спісу для пазакласнага чытання – думаю, ён зацікавіць цябе”, чым “Прачытай дадзены твор са спісу твораў для пазакласнага чытання і напішы на яго водгук”.
4. Як вучань можа развівацца далей?
Самая вялікая праблема часта звязана менавіта з гэтым пунктам. Гэта асабліва цяжка, калі трэба сфармуляваць рэкамендацыі для вучня, які дрэнна справіўся з работай і павінен шмат чаго зрабіць для яе выпраўлення і паляпшэння.
Я вельмі рэдка бачу разгорнутую зваротную сувязь, якая б уключала гэтую частку. І нават калі яна прысутнічае, то гэта, часцей за ўсё, дадатковае заданне для вучня. Настаўнік лічыць, што калі вучань добра выканаў заданне, то можа выконваць наступнае. Аказваецца, такая цяжкасць ёсць у настаўнікаў самых розных краін свету. Дылан Уільям, пішучы пра зваротную сувязь у Educational Leadership. Прыводзіць прыклад задання з хуткім наборам тэксту на кампутары. Настаўнік пад работай вучня дае такі каментар-параду: “Магчыма, ты паспрабуеш зрабіць гэта толькі вялікім пальцам?”. Гэта канкрэтная парада для развіцця.
Цяпер паглядзім разбор зваротнай сувязі ад настаўніка на работу вучня.
У гэтым роліку на хв. 16:18 прыклад ЗС аднаго з студэнтаў нашага курса. Вы пабачыце, якія прапановы далі настаўнікі Мінска, каб палепшыць гэтую ЗС (фрагмент з майстар-класа ментара Ю.Каласоўскага).
Як мінімізаваць час і затраты на напісанне каментарыя?
Многіх настаўнікаў палохае пэўная праца- і часаёмкасць напісання каментарыя, але многія праблемы можна эфектыўна прадухіліць.
Настаўніку трэба больш крытычна ставіцца да планавання ўрока. Неабходна ўважліва прадумваць НАШТОБУЗУ для пісьмовых работ, каб яны былі сфармуляваны так, каб абысціся потым кароткімі каментарыямі.
Каб ЗС была зразумелай для вучняў, яны павінны папярэдне атрымаць інструкцыі і ўклеіць іх у сшыткі. Там мусяць тлумачыцца сімвалы асобных элементаў ЗС: добрыя элементы – два плюсы (++), тое, што патрабуе паляпшэння – адзін мінус (-), парады для паляпшэння работы – знак дэльта (Δ), парады для далейшага развіцця – стрэлка ўверх (↑).
Інфарматыка
Каця! Я вельмі рада, што ты сур'ёзна паставілася да практычнай работы па інфарматыцы, якая правярала твае навыкі і ўменні рашаць лінейныя задачы на мове праграмавання Паскаль. ++ Ты правільна выканала ўсе 8 тэставых заданняў! ++ Мяне парадавала, што ўсе каманды ты ведаеш добра! ++ Ты малайчына! Твая праграма на камп’ютары выканана правільна! - Але ты дапусціла памылку ў запісе праграмы ў сшытку. Δ Уважліва правер праграму і папраў памылку! Можна скарыстацца праграмай, якую ты зрабіла на камп’ютары і захавала ў сваю тэчку. ↑ Каця, ты рухаешся ў правільным напрамку! І я рэкамендую табе яшчэ раз паўтарыць структуру праграмы. |
Нямецкая мова
Табліца зваротнай сувязі па НАШТОБУЗУ да задання па нямецкай мове
Якія сэрвісы і інструменты дазваляюць хутка атрымаць зваротную сувязь ад вучняў?