Як малады педагог Роберт Асіпук з Дзятлава стаў папулярным арт-блогерам ці Як медыясфера змяняе адукацыю і вольны час, статус педагога і выбар прафесіі

Роберцік! Ідзі ў мастацкую школу! У цябе талент! Ты будзеш мастаком! Як малады педагог Роберт Асіпук з Дзятлава стаў папулярным арт-блогерам

 

 

Пачынаючы з гадоў 12 жыццё Роберта Асіпука звязана з Дзятлаўскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Спачатку ён быў навучэнцам (шмат гадоў займаўся мастацкай графікай), а апошнія два з паловай гады тут выкладае камп'ютарную графіку, арт-блогінг і выяўленчае мастацтва.
У Цэнтры творчасці навучэнцаў у маладога педагога 70, але ў TikTok больш за 3,6 млн падпісчыкаў і амаль 1,7 млн — на YouTube.

- Я не вёў блог, пакуль не прыйшоў працаваць сюды, у цэнтр творчасці. Не магу вучыць весьці блог, калі сам яго не маю. Таму я станавіўся блогерам разам з дзецьмі. Ад іх, праўда, хаваў гэта. Толькі праз два месяцы, калі ў мяне ўжо было 32 тыс. падпісчыкаў у TikТок, мае навучэнцы выпадкова патрапілі на мой акаўнт. І сталі падкідваць тэмы для ролікаў. І праз год было ўжо 2 млн падпісчыкаў, потым яшчэ больш.

Дзеці лепш усведамляюць такі рывок у чалавека, які пачынаў спрабаваць сябе ў гэтай сферы адначасова з імі, чым поспех вядомага блогера, якога яны ніколі не бачылі ўжывую.
 

У сваім блогу Роберт не вучыць падпісчыкаў маляваць, а проста расказвае і паказвае, як робіць гэта сам. І ўжо гэта становіцца штуршком для многіх паўтарыць, пра што сведчаць многія каментарыі.

Усе свае акаўнты мастак падпісвае як robertik, таму што яго школьная настаўніца па беларускай літаратуры Вольга Канстанцінаўна не перастаючы пераконвала: «Роберцік! Ідзі ў мастацкую школу! У цябе талент! Ты будзеш мастаком!». Хлопчык не верыў, што ў яго ёсць талент, але Вольга Канстанцінаўна пайшла ў мастацкую школу і сама яго туды запісала, угаварыўшы педагогаў правесці сумоўе, нягледзячы на тое што была ўжо сярэдзіна навучальнага года. У выніку хлопчыка ўзялі адразу на другі курс. І цяпер яго мастацкі нік імя, якім яго заўсёды называла настаўніца, якая так верыла ў свайго вучня.

Крыніца: Настаўніцкая газета