Міхась Булавацкі: Паважайце лікі! І яны ўпрыгожаць ваша жыццё

Сёння з радасцю прадстаўляем дапаможнік "Лікі ў нашым жыцці" Міхася Булавацкага – сапраўдную настольную кнігу настаўніка матэматыкі, але і неабходную таксама кожнаму беларускаму гуманітарыю.


Аўтар сціпла мяркуе, што: Гэты тэкст вельмі рэкамендуецца настаўнікам матэматыкі. З ім варта азнаёміцца і бацькам, у каго дзеці да 8 класа. І астатнім – пры іх жаданні...
На самай справе, дапаможнік "Лікі ў нашым жыцці" – сапраўдная настольная кніга настаўніка матэматыкі, але і неабходная таксама кожнаму беларускаму гуманітарыю.

Кніга Міхася Булавацкага напісана лёгкай і зразумелай мовай, чытаецца як займальны дэтэктыў, у невялікім аб'ёме раскрывае значны і глыбокі змест, мае беларускі фокус.

Дапаможнік таксама ўтрымлівае метадычныя парады для настаўнікаў матэматыкі і кейсы, якія можна выкарыстаць на розных вучэбных прадметах, інтэлектуальных спаборніцтвах і віктарынах, алімпіядах і конкурсах.


Давайце пагартаем старонкі. Спачатку атрымаем інтэлектуальную асалоду ад таго, як аўтар распавядаючы пра натуральныя лікі звяртае нас да зор.

Чатырохканцовая зорка – сімвал шляхаводнага святла (як бы: асвятляе шлях праз начны змрок), форма звязаная з крыжам Хрыста, таму выкарыстоўваецца рознымі хрысціянскімі арганізацыямі, якія вызначаюць, што яны абіраюць правільны шлях. Лагатыпам Арганізацыі Паўночна-Атлантычнай дамовы (NATO – North Atlantic Treaty Organization) з 1953 года стала бела-сіняя чатырохканцовая зорка(выява компаса) на цёмна-сінім фоне.

Пяціканцовая зорка (як сімвал чалавека) – папулярны геральдычны знак розных краін. Гэтая пентаграма прысутнічае на гербах Італіі, Кітая, Мазамбіка, Сінгапура, Эфіопіі ды іншых краін, маецца на сцягу ЗША (колькасць зорак адпавядае колькасці штатаў) і на сцягу Еўропы.



Правільная пяціканцовая зорка, намаляваная адным росчыркам, падзяляецца пяццю адрэзкамі на 6 фігур – правільны пяцівугольнік пасярэдзіне і 5 “залатых” трохвугольнікаў (пра “залатое” сячэнне і звязаныя з ім “залатыя” фігуры размова будзе).

Шасціканцовая зорка, створаная з двух правільных трохвугольнікаў – старажытная гексаграма, вядомая з часоў ізраільскага цара Давыда, а з ХІХ стагоддзя стала сімвалам яўрэйскага народа. Змешчана на дзяржаўным сцягу Ізраіля.


 

Сяміканцовая зорка лічыцца зоркай магічнай. Але такая зорка з’яўляецца сімвалам Федэрацыі Аўстраліі. Сямісвечнік – на дзяржаўным гербе Ізраіля.



Васьміпрамяністая зорка – распаўсюджаны ордэнскі знак у многіх хрысціянскіх дзяржавах. Знак быў пашыраны ў народнай арнаментыцы славянаў – беларусаў, украінцаў (але значна радзей, чым у беларусаў, і тым часцей, чым далей на поўнач Украіны), рускіх (радзей, чым у ўкраінцаў, але даволі часта на поўначы Расіі, асабліва ў Наўгародскай вобласці), балтаў – літоўцаў, латышоў, скандынаваў – шведаў, нарвежцаў, фіна-уграў – эстонцаў, фінаў, карэлаў, марыйцаў, удмуртаў, мардвінаў, іншых фіна-уграў Паволжа, венграў.
У беларускіх арнаментах такая зорка вышывалася, часцей чырвонымі ніткамі, на рушніках,абрусах, мужчынскай і жаночай вопратцы ў Цэнтральнай Беларусі, Панямонні ды інш.; часта выкарыстоўвалася ў ткацтве, вырабе рэчаў з саломкі, у ўпрыгожаннях яек-маляванак.




Дапаможнік утрымлівае шмат карысных парадаў для паўсядзённага жыцця

Напрыклад, вось вам лайфхак, як падлічыць колькасць дзён у месяцы без календара.

Бывае цяжка запомніць колькі ў якім месяцы дзён. На гэта маецца добры мнеманічны прыём. Пакладзіце дзве рукі побач, складзеныя ў кулак костачкамі наверх. І пачынайце лічыць па костачках пальцаў і па лагчынках паміж костачкамі (прамежак паміж рукамі прапускайце): студзень, люты, сакавік... (як паказана на малюнку ніжэй).

На костачкі трапляюць самыя доўгія месяцы па 31 дню – студзень, сакавік, травень (май), ліпень, жнівень, кастрычнік, снежань (іх 7), на лагчынкі – кароткія, па 30 дзён і меней – люты, красавік, чэрвень, верасень, лістапад (4 месяцы па 30 дзён і люты, пра які асобная гаворка, у ім 28 дзён у звычайны год і 29 дзён у высакосны год).


Бацькі, лавіце лайфхак для запамінання табліцы множання ... на пальцах.

А зараз – пра множанне на 9. У чалавека 10 пальцаў на руках. Пакладзем дзве рукі побач і пранумаруем пальцы ад 1 да 10 злева направа.

Каб памножыць 9 на 3, загнем трэці палец. Злева ад яго застаецца два пальцы, справа – сем. Такім чынам, 9·3 = 27. Памножым 9 на 6: загнем шосты палец, злева застаецца пяць, справа – чатыры, таму 9·6 = 54. І г.д. Пасля трэніроўкі на пальцах у натуральным выглядзе вучань стане множыць на 9, уяўляючы сабе дзве рукі, а потым і запомніць.


Таксама вельмі хочацца расказаць пра адну маленькую метадычную знаходку, зробленую вучнямі настаўніка падчас выканання дзеянняў з дадатнымі і адмоўнымі лікамі. Але мы не будзем гэта рабіць – чытайце дапаможнік, шукайце там схему Гайкова-Крысіна ...


Скончым прадстаўленне выкладзенага ў вольны доступ дапаможніка Міхася Булавацкага "Лікі ў нашым жыцці" словамі аўтара:

Людцы! Сябруйце з матэматыкай хаця б на ўзроўні 6-7 класаў! Яна стане надзейнай памочніцай ва ўсіх вашых справах.
Паважайце лікі! І яны ўпрыгожаць ваша жыццё!