Не магу ўразумець, навошта людзі самі вакол сябе будуюць свет гвалту і агрэсіі, далібог.
Два месяца чакала вырашэння простага бытавога пытання. Чалавек я ветлівы і спакойны, таму шэсцьдзясят дзён слухала розныя байкі наконт складанай лагістыкі, адсутнасці матэрыялаў, капрызаў мантажнікаў, падвышэння цэнаў і гэтак далей. Не вытрымала і закаціла скандал.
Оп-ля! У тую ж хвіліну і лагістыка запрацавала, і матэрыялы з неба зваліліся, і мантажнікі аказаліся анёламі, і цана для мяне – не падвышаецца. А чо, так можна было?
І ведаю ж, што можна было закаціць скандал раней – і атрымаць паслугу ў тэрмін. Але жаданне выправіць свет вакол сябе да лепшага – нявылечнае. Усё думаю, ну калі я буду ветлівай – то і іншыя людзі з радасцю будуць жыць па правілах добрага стаўлення да чалавека.
Не дажыву я да светлых часоў, відаць.
…
Зразумела сёння, што калі я не адпушчу ўнутры сябе, умоўна кажучы, дваццаты год, то не змагу нармальна жыць далей. Яно вельмі моцна цягне назад, адчуванне няскончанасці, чаканне працягу, чаканне вяртання нармальнага стану рэчаў, гэты завіслы час, у якім, здаецца, нельга жыць, бо трэба дачакацца нейкай вызначанасці.
А трэба жыць, зыходзячы з абставін. Тое, што трэба пачынаць з нуля – тое трэба пачынаць з нуля. Тое, з чым трэба развітацца, пацалаваўшы ў халодны лоб – з тым трэба развітацца. Тое, на што яшчэ ёсць сілы - варта рабіць не так, як раней, а так, як цяпер.
Трэба жыць, сыходзячы з таго, што дзеля таго, каб займацца любімай справай (любімымі справамі нават), я мушу сыходзіць зусім з іншых дадзеных. Не з учорашніх, а з сённяшніх.
І я хачу сказаць, што асабіста для мяне яны мала чым адрозніваюцца, напрыклад, ад 1998 года альбо ад 2010. Навыкі жыцця пад асфальтам ёсць насамрэч. І навыкі прабіцця асфальта – таксама.
І трэба прыняць урэшце рэшт усё гэта навакольнае не як часовае, а як існае. Бо іначай яго не перамагчы.
…