Дзённік настаўніцы

Ганна Севярынец
10.07.2023

Ілля ўжо трэці тыдзень у летніку, і я ўпершыню за вельмі працяглы час, больш за дзесяць год дакладна, засталася зусім без ніякіх дзяцей. Да гэтага шчэ муж заняты пры сваёй маці, дык мне выпала наогул казырная карта - раз на дваццаць тры гады пабыць зусім адной.

Першы тыдзень адчувалася разгубленасць і несувымернае з абставінамі жаданне пайсці ў загул.

На другі тыдзень я стала шкадаваць, што дзяцей у мяне толькі трое, а не пяцёра, і я б зараз не сумавала б. Напрыканцы тыдня задумалася пра ўнукаў.

На трэці тыдзень я паехала на дачу, пакінуўшы дома двух катоў. Увечары мне прымсцілася, што Шкіля пап'е якой-небудзь вады, напрыклад, з пральным парашком і атруціцца. За ноч я гэтую думку дадумала да фіналу, з раніцы некалькі разоў падрывалася катам патэлефанаваць, справы валіліся ў мяне з рук, таму ўдзень кінула ўсё і паімчала дадому.

Цяпер хаджу, называю катоў "сынкамі" і бусяю іх у лобікі. Агуркі на дачы недапалітыя, ружы недаполатыя.

Хутчэй бы вярнуўся Ілля, а то ж невядома, чым гэта скончыцца!

Іллюша, – давала я свайму сыночку мацярынскія парады перад летнікам, – Іллюша, толькі не раскідвай шкарпэткі! (Ён у мяне хрэстаматыйна хварэе на раскіданыя шкарпэткі). Збірай, вось табе спецыяльны пакецік, і будзеш мне аддаваць! Усе шкарпэткі, якія валяюцца, не забудзься адразу ж падняць і скласці, і астатняе бруднае збірай у гэты пакецік! Каб не валялася па пакоі!

Сёння я закінула гэты пакецік у пральную машыну. Дастала, развешваю. О, думаю, а гэта што такое. Нейкія шкарпэткі незнаёмыя мне. І гэта. І гэта. І гэта.

Перадаў мне пакет чужых брудных шкарпэтак!

Яшчэ ніколі мае мацярынскія парады не выконваліся так літаральна!