Мне сёння адзін хлопчык сказаў, што ён увесь час думае пра жыццё, і яму ад гэтага цяжка. Кажа, што заўважыў: хто не думае, той жыве лёгка, а хто думае – жыве складана. І яшчэ сказаў, што ад ягонага думання свет не становіцца лепшым, а працягвае жыць так, нібыта ніякага думання ў ім няма.
Гэтая гутарка ў нас здарылася зусім выпадкова, ніадкуль, у нас былі зусім іншыя мэты, але ў нейкі момант яго нібыта бац – і прарвала, і ён стаў хутка, баючыся, што я перарву, расказваць мне пра сваю вось гэтую бяду.
У такія моманты трэба проста слухаць і моўчкі рэагаваць: падацца наперад, ківаць і іншы раз рабіць нейкі ўхвальны жэст.
Ён гаварыў, гаварыў, з цяжкасцю падбіраў словы, але не спыняўся, а калі выгаварыў усё – нарэшце падняў на мяне вочы і кажа: і таму я рашыў, што хопіць. Думаць я больш не буду.
Канешне, паспрабуйце! — сказала я яму.
А сама падумала: ну-ну.
…
Між тым на Вайсковых могілках аднавіўся працэс зносу недагледжаных пахаванняў і замены іх на стандартызаваныя падгалоўнікі. Прыблізна месяц таму цішком была зрэзана і вывезена ў невядомым кірунку агароджа пахавання акадэміка Мікалая Бліядухі, на гэтым тыдні пачалі ўсталёўваць падгалоўнікі на менш заўважных пахаваннях.
Баюся, тыя, хто ратаваў і аднаўляў Вайсковыя чатыры гады таму, нічога не змогуць з гэтым зрабіць – нікога з нас ніхто ўжо не будзе слухаць.
Я вельмі прашу тых людзей добрай волі, хто можа, хто працуе ў дзяржаўных СМІ ці мае адносіны да нейкіх жывых, няхай сабе колькі заўгодна дзяржаўных, але дзейсных структур: давайце не будзем абыякавымі да гэтай справы. На Вайсковых ляжаць самыя розныя людзі, самых розных лёсаў і меркаванняў, гэта ўсё наша супольная гісторыя, і мы можам быць колькі заўгодна нязгоднымі адно з адным сёння, але будучыня спытаецца з нас за нашых мёртвых аднолькава. Вы можаце ўзяць шэфства над пахаваннямі, можаце напісаць лісты з пытаннямі ў пракуратуру, якая калісьці спыніла вандалізм на могілках, можаце разабрацца з гэтай справай па-журналісцку, задаць пытанні, высветліць мэты і законнасць работ.
Яшчэ вельмі прашу тых, хто калісьці ўзяў пад апеку пахаванні на Вайсковых, у каго там сваякі – зайдзіце праверце сваіх.
…
От людзі, якія палаюць праведным гневам датычна Славянскага базару і тых, хто туды ходзіць, тыя, хто кажа, што людзі ў сістэме робяць "культурку" – вам жа ніхто нават не можа расказаць, што там адбываецца па-за рэпартажамі афіцыйных СМІ і па-за вашымі абмежаванымі ўяўленнямі. І я не раскажу.
А яно адбываецца. І кошт таго, што робяць людзі, рызыкуючы тым малым, што ў іх засталося – вельмі высокі.