Калісьці ў альманаху "Асоба і час", які збіраў і рэдагаваў АіФ, а выдаваў Лімарыус, выйшаў адзін мой артыкул, які я, пэўна, люблю больш за ўсё. Называецца ён "Кніжныя хлопчыкі ў віхуры эпохі".
Па-першае, я пісала яго тры гады. У першы год знайшла ў маскоўскім архіве РГАЛІ перапіску нашага Яўгена Барычэўскага з Барысам Грыфцовым – рускім літаратуразнаўцам і перакладчыкам. Яны былі аднакурснікамі і моцна сябравалі. Ліставанне тое я замовіла проста так, з чыстай цікавасці – Барычэўскі ня ёсць маёй цэнтральнай тэмай.
Таму чытала я тое ліставанне ўжо перад цягніком, хуценька, без выпісаў, проста для сябе.
А потым год мучылася ад таго, якое ж яно файнае. І ад таго, што ляжыць у Маскве нікому непатрэбнае.
На наступны год паехала – было ў мяне шмат спраў, і я зноў замовіла сабе Барычэўскага з Грыфцовым у дадатак, каб зрабіць некаторыя выпісы і напісаць лёгенькі які-небудзь артыкульчык, для будучых даследчыкаў прафесуры БДУ (бо Барычэўскі – з першай нашай легендарнай прафесуры якраз). Зноў чытала і выпісвала наскора, бо спяшалася на цягнік.
І яшчэ год мучылася, бо проста закахалася ў гэтае ліставанне. І ўжо праз год прыехала чыста за ёй, за гэтай перапіскай, цалкам набрала яе там за тры працоўныя свае архіўныя дні – і зрабіла, нарэшце, што хацела.
А ліставанне там такое. 1917 год. Барычэўскі і Грыфцоў, маладыя, толькі што скончылі ўніверсітэт, адзін у Петраградзе, другі ў Маскве. Першая сусветная, лютаўская рэвалюцыя, Кастрычніцкая рэвалюцыя, салдаты ў горадзе, голад, страляніна, холад, сусветныя катаклізмы і капец.
І яны пішуць адзін аднаму, спачатку пра тое, што адбываецца навокал, а потым - пра кніжкі. Хто дзе што ўхапіў, хто што дзе згубіў, што паспеў прачытаць, а што хоча прачытаць, ды не можа набыць. Пра кніжных антыквараў у халодных і цёмных лаўках пасярод рэвалюцыйнай куламесы. Пра грэчаскіх філосафаў і нямецкіх рамантыкаў.
Такі вось артыкул, з гэтым ліставаннем і каментарамі.
І яшчэ адзін ёсць у мяне, друкаваўся ў "Полымі", пра бібліятэку Дудара. Дудар быў топавым журналістам, ганарары ягоныя ў месяц складалі па 200 рублёў (для параўнання: у Яўхіма Садоўскага, вельмі пладавітага рэпарцёра, у месяц выходзіла 35-40 рублёў). Дык вось ганарары Дудар размяркоўваў так: палову на кніжкі, чвэрць – маці на гаспадарку, і чвэрць – на гулянку. У тым артыкуле ёсць і спіс кніг Дударовай бібліятэкі, некалькі тысяч кніг на пяці мовах.
Я гэтых кніжных людзей пасярод дзікіх часоў заўсёды разумела, а цяпер дык асабліва.
Некалькі месяцаў збіралася з сіламі - і вось) Такі набыла сабе Дзённікі і запісы Рыгора Барадуліна. Шыкоўнае кнігазбораўскае выданне, праўда, пакуль я тут думала і адкладала набыццё, пакуль унутраная жаба змагалася з унутранай жа лябёдушкай, некаторыя тамы ўжо скончыліся, і збор у мяне няпоўны((
Не будзьце як я, набывайце кніжкі ў тэрмін, цяпер яны хутка знікаюць. Такі ж няпоўны, але ўсё адно шыкоўны збор барадулінскіх дзённікаў ёсць на Кніганошы.
Мэіра Шалева таксама даўно хацела, гуляць дык гуляць)
…
Божухна, людцы мае, якая ж кніжка! Алей і віно змучанай душы, далібог. Што сюжэт, што мова, што пераклад, што назіранні і заўвагі, перачытваю абзацы па некалькі разоў, бо гэтак жа хораша, сіл няма! Такое ўсё выкшталцонае, зіхоткае, зразумелае знутры, вельмі чалавечае і чалавечнае.
Блізкія па духу кніжкі – Сто год адзіноты Маркеса, Мэсія з роду Эфраіма Кульбака, у некаторым сэнсе – Па што ідзеш воўча, калі вынуць адтуль пекла, а на ягонае месца пакласці сад, вожыкаў і ціхую самотную змяю.
Чытаць варта павольна. Проста агонь. Вельмі раю. Набыць можна ў ТЦ Купалаўскі, месца 42, таксама ў інтэрнэт-кнігарні Kniger.by
20 ліпеня
Дзень народзінаў Дзімы Дашкевіча сёння. Я ведаю яго з ягоных самых маладых гадоў, і ніколі не было ані цені сумневу ў гэтым чалавеку. Адзін з самых моцных, непахісных - і вельмі добрых людзей, якіх я сустракала ў жыцці.
Дзіма, ператрывай і выходзь.