25 -27 ліпеня
Гэта падобна на анекдот пра беларуса ў пятлі, які прыцярпеўся.
Калі выйсці з усіх лакальных унутраных дзяржаўных сістэм, з'ехаць падалей ад сталіцы, не чытаць навін і не размаўляць на вострыя тэмы з выпадковымі суразмоўцамі – тут можна жыць, цалкам задавальняць сябе ежай, адпачынкам, вандроўкамі, культурнымі мерапрыемствамі анлайн і нават афлайн, можна нават будаваць нейкія асцярожныя планы, з улікам, канешне, магчымага арышту, ператрусу ці ядзернай вайны. Карацей, прыцярпецца цалкам можна.
І ў гэтым стане так лёгка забыцца аб тым, што насамрэч навокал творыцца абсурд і гуманітарная катастрофа. Псіхіка – яна штохвілінна падштурхоўвае цябе да таго, каб пра гэта забыцца. І мозг – ён таксама працуе на нармалізацыю.
Гэта і страшна, і добра адначасова. Страшна – бо расчалавечваешся. Добра – бо жывеш.
Што дапамагае ўсё ж такі заставацца чалавекам, а не мясам у пятлі: нейкая рэгулярная і абавязковая дапамога тым, каму горш. Хаця б капейкай, хаця б нейкай бясплатнай паслугай. Нейкая няхай маленькая, але беларуская справа. Беларуская кніжка.
…
Пакалякала з будаўнікамі: брыгада невялікая, але вельмі хвацкая, ходзяць па вёсцы "па руках", бо людзі бачаць, што работу робяць добра, сумленна і, што важна, не п'юць.
Склад брыгады такі: былы фізрук, былы фізік і прараб у іх - былы дырэктар музычнай школы.
А я, кажу, таксама былая школьная настаўніца на вольным выпасе.
О, падміргіваюць яны, ідзіце да нас у брыгаду.
Машу рукамі: ды які з мяне будаўнік, я ні на што ў гэтай справе не годная, нават пясок насіць не змагу!
А дырэктар музычнай школы глянуў на мяне дасведчаным вокам і кажа:
- Ну, пясок насіць цяжкавата, канешне, але толькі першыя два дні, потым прывыкаеш...