Памятаю, мяне ў школьным дзяцінстве "Каласы" проста агаломшылі, настолькі ішлі яны ўразрэз з афіцыйнай беларушчынай.
А потым дзеці іх асабліва не чыталі, бо ўсё гэта ўжо з гісторыі збольшага ведалі. Заўсёды дзівіла мяне прахалоднае стаўленне да "Каласоў" маіх вучняў.
Цяпер зачытаюць))
...
Бі, бяжы, замры. Я абрала апошняе.
Замры: заціхні, здранцвей, прыпадобніся,
Стань полем, узлескам, пожняй,
Целам накрый зямлю, стань целам зямлі,
І гэта па табе цяпер гудуць танкі і шапацяць караблі,
А ты слухаеш, як дыхае зерне ў раллі,
Як у сэрца тваё прарастае яго карэнне,
Як людзі зямлі пераўтвараюцца ў цені,
Іх целы падаюць побач, і з коласу сыплецца зерне,
Усё, што ты браў ад зямлі, ты ёй неадменна вернеш.
І мінае восень, зіма, вясна,
А наша зямля ўсё ляжыць і ў неба глядзіць без сна,
Бо яна гэта мы, бо мы – яна,
Бо вайна.
…
Дарагі для мяне верш
Вось чужое жыццё, што ляжыць у мяне на далоні.
І пульсуе пад скурай імпэтна адноўлены ток.
Бачу печку і ложак, шурпатай калыскі ўлонне,
Сонца ў шыбы, фіранкі, высокі бацькоўскі парог,
Шоргат сцежкі, якая заўсёды канчалася рэчкай,
Рэек сплёт за ракою, і стромы пясчанай гары,
Гэты клён, гэты дом, дзе дзяўчынка збірала парэчкі,
І з камення гарачага ўсцяж гарадскія муры.
Тая лінія ўецца ад вены далонню пяшчотнай,
І збягае між пальцаў, зрываецца ў іншы сусвет,
Тчэ рука, забываецца часам, і беляць палотны,
І нітуюць арнаментам сцежкі далёкіх планет.
Ты мне пішаш лісты піктаграмамі сініх аблокаў,
Гэта літара тая, што нас хвалявала калісь…
На далоні маёй токам б’юць твае першыя крокі,
І зрываецца сцежка са стромы пясчанай уніз.