Дарагія дыяспары:) Некаторыя з вас ужо распачалі падрыхтоўку да Ночы расстраляных паэтаў – жалобных імпрэзаў памяці і асэнсавання, я б іх так назвала. Хачу вам нагадаць, што за гэтыя гады, якія трывае традыцыя, назапасілася вялікая колькасць матэрыялаў, якія можна выкарыстоўваць падчас імпрэзаў. Да мяне можна звяртацца па пераклады твораў міжваенных паэтаў на еўрапейскія мовы (польская, ангельская, нямецкая, гішпанская, украінская), па фоты і прэзентацыі, а таксама – паведаміць мне ў прыват дату і месца імпрэзы, вы ж памятаеце, што кожны год складаецца мапа мерапрыемстваў па ўсім свеце:)
Ад сябе я хачу сказаць вось што. Калі б я магла ладзіць нешта публічнае – я б абавязкова пашырала б межы імпрэзы. Не толькі традыцыйнае чытанне вершаў – але і спробы асэнсавання, як гісторыі ўвогуле, так і гісторыі літаратуры. За мяжой цяпер шмат цікавых спікераў, якія могуць распавесці і пра час, і пра ягоныя драматычныя сюжэты, можна ладзіць адкрытыя мікрафоны, дыскусіі і дэбаты.
Яшчэ б я пашырала персаналіі. У гэтыя дні варта памятаць не толькі тых, хто быў расстраляны 29.10.37, але і тых, хто гэты час перажыў, застаючыся сабой: Уладзіміра Дубоўку, Адама Бабарэку, Максіма Гарэцкага, Барыса Мікуліча, і не толькі паэтаў, а і навукоўцаў, папулярызатараў навукі, музыкаў, этнографаў.
І яшчэ б я давала слова моладзі: тым, хто сам піша, сам малюе, сам нешта робіць. Хай гэты дзень будзе не днём канца, а днём пачатку для беларусаў. Выставы для маладых, прэзентацыі, магчымасць прачытаць сваё на памятных імпрэзах – гэта было б файна.
То на сувязі!:)
Працягваючы думку з папярэдняга паста аб тым, каб імпрэзы Ночы расстраляных паэтаў набылі дадатковы важны сэнс, хачу нагадаць, што само пакаленне міжваенных паэтаў складалася з вельмі маладых людзей.
Алесь Дудар прыйшоў у літаратуру ў 16 год, у 18 стаў адным з заснавальнікаў "Маладняка", у 19 арганізаваў Віцебскую і Полацкую маладнякоўскія філіі, а першы зборнік выдаў у 20. Уладзімір Дубоўка стартаваў у паэзіі у 20 год, а ў 23 быў ужо стваральнікам беларускай юрыдычнай лексікі, рэдактарам двух часопісаў і фактычным кіраўніком "Маладняка". "Узвышша" ён прыдумаў і стварыў у 25. Алесь Якімовіч і Наталля Вішнеўская прыйшлі ў літаратуру шчэ школьнікамі. Анатоль Вольны ў 24 гады ўжо стаяў на пачатку беларускага кіно і пісаў першыя сцэнары для першых фільмаў. Міхасю Чароту ў год трыумфа "На купалле" было 27.
От каб жа зрабіць гэтую дату ў тым ліку датай, калі для кожнага маладога беларуса адкрываецца акно магчымасцяў, а? Выйсці з дыскурсу ахвяр і пачаць ствараць дыскурс пераможны? Насуперак і назаўсёды.