Класная гадзіна "Вырашэнне канфліктаў"

На класнай гадзіне ці іншым занятку вучні разам з настаўнікам знаёмяцца з медыятэкстам (кінастужка, мульфільм, кліп, фота, артыкул і г.д.), дзе вырашаецца канфлікт ці праблема. Пасля знаёмства з настаўнік прапануе вучням прааналізаваць яго. Аналіз медыятэкста ажыццяўляецца на аснове 5 узаемазвязаных пытанняў, якія пачынаюцца са слова “Чаму?”. Адказ на 5-ае пытанне дае інфармацыю аб сапраўднай прычыне праблемы.

Як прыклад, аналіз мультыплікацыйнага фільма “Дзед”(рэжысёр А.Ленкін):

 

1. Чаму ў сяле старых людзей адпраўлялі на лодцы ў туман?

- Бо гэтага патрабавалі традыцыі сяла. Было важна, каб суседзі бачылі, што традыцыі не парушаюцца.

2. Чаму была такая традыцыя?

 - Бо старых цяжка было пракарміць, не хапала ежы, а яны былі без сілаў і - не маглі дапамагаць па гаспадарцы.

3. Чаму не хапала ежы?

- Бо маладым не хапала ўменняў і досведу старэйшых, каб эфектыўна весці гаспадарку ў галодныя гады.

4. Чаму маладыя не карысталіся досведам старэйшых?

- Бо іх адпраўлялі на лодцы паміраць.

5. Чаму ў галодны год, сям’і  ўдалося выжыць і знайсці сродкі для харчавання?

- Таму што сталы чалавек даў разумную параду, бо яго не адправілі на лодцы ў туман, насуперак традыцыі.

Настаўнік падводзіць вынікі дыскусіі.

Як вырашылася праблема?

У сяле скасавалі традыцыю вывозіць старых людзей на чоўне ў туман, людзі зразумелі, што сталыя – мудрыя людзі, парады якіх могуць быць вельмі карыснымі як для малых, так і для дарослых.

Аналіз практыкавання.
У залежнасці ад тэмы занятку можна развіць дыскусію пра стэрэатыпы, якія існуюць у грамадстве. 
Хто б мог аказацца на месцы дзеда? (Жанчына, хворы, чалавек іншай нацыянальнасці...)
Пры наяўнасці часу можна даць заданне з дапамогай метада "5 чаму" высветліць прычыну праблем ці канфліктаў, якія адбываюцца ў класе, у казках, у  наваколлі. 
Старэйшым вучні могуць прапанаваць рашэнне праблемы. 

Прыклады
- Людзі не сартуюць смецце
- Распаўсюджваюцца канспіралагічныя тэорыі
- Каза выгнала зайчыка з зайчыкавай хаткі (Літаратурнае чытанне, 2 клас, казка "Каза-манюка"). 

Аўтар Міхась Кудзейка