Святлана Локіс: паспяховы ўрок — гэта калі дзеці не цікавяцца, якую адзнаку за яго атрымалі

Урокі Святланы Локіс, настаўніцы пачатковых класаў гімназіі № 1 Жодзіна, настаўніка­-метадыста, — гэта не проста 45 мінут з падручнікам. Падчас сваіх заняткаў педагог актыўна карыстаецца ўласнымі распрацоўкамі: аўтарскім сайтам “Медыяўрок” і YouTube-­каналам па медыяадукацыі. У сусветны Дзень настаўніка прапануем інтэрв'ю “Настаўніцкай газеты” са Святланай Локіс.



Настаўніцкі вулей

— Святлана Іванаўна, якім быў ваш шлях у педагогіку? Хто паўплываў на выбар прафесіі?

— Мне пашанцавала нарадзіцца ў сям’і педагога. Мая мама Вольга Паўлаўна Бутоўская — выдат­нік народнай адукацыі БССР, настаўнік-метадыст. Усё сваё жыццё яна прысвяціла любімай справе — настаўніцтву, выкладала ў пачатковых класах у Ганцавіцкай сярэдняй школе імя П.Р.Лапаціна Барысаўскага раёна. Менавіта мама стала маім правадніком у педагагічную прафесію. Штодня я з задавальненнем акуналася ў тую атмасферу, якую мама стварала для сваіх навучэнцаў. Часта азіраюся ў мінулае, успамінаючы тыя часы: атмасфера ўзаема­дзеяння мамы з вучнямі асацыіруецца з пчаліным вулеем, дзе кожны дакладна ведае сваю задачу і, выконваючы яе, арыентуецца на дасягненне агульнага выніку. Сёння ў сваёй рабоце з дзецьмі таксама спрабую стварыць такую атма­сферу.

Настаўнікам па маміным прыкладзе стаў і мой брат Аляксандр. У пачатковай школе ён вучыўся ў класе мамы. Пасля заканчэння БДПУ выкладаў гісторыю ў сярэдняй школе № 12 Барысава, працаваў у Барысаўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы. Калі мы, тры педагогі, збіраліся дома, то разам абмяркоўвалі свой дзень. Гэта мела для нас і выхаваўчы патэнцыял, бо мама заўсёды старалася расказваць пра кожны ўчынак сваіх вучняў з гумарам, знаходзячы некаторым негатыўным момантам апраўданне. Ці можна пасля гэтага не ўлюбіцца ў прафесію настаўніка?!

— Як прымяняеце на ўроках свае напрацоў­кі па тэме “Рэалізацыя інтэрактыўнага навучання ў працэсе развіцця камунікатыўных уменняў малодшых школьнікаў”, з якой праходзілі атэстацыю на прысваенне катэгорыі настаўніка-метадыста?

— Тэма вопыту педагагічнай дзейнасці, якую прадстаўляла на экзамене, дагэтуль мной удасканальваецца. Гэта той напрамак, які для мяне з’яўляецца адным з прыярытэтных у рабоце, прычым не толькі з навучэнцамі малодшага школьнага ўзросту. Я ўпэўнена: інтэрактыўныя метады неабходны ў дзейнасці і настаўнікаў-прадметнікаў, і падчас узаема­дзеяння з бацькамі, і ў метадычнай рабоце з калегамі. Лічу, што маўклівае слуханне лекцый даўно павінна сысці ў мінулае.

Аб тым, як сёння падчас урокаў прымяняю ўласныя распрацоўкі, лепш за ўсё можа расказаць мой аўтарскі YouTube-канал. Пасля таго, як пачала зай­мацца названай тэмай, кожны свой урок лічу інтэрактыўным. Калі настаўнік час ад часу прымяняе, інтэгруе і выкарыстоўвае ін­тэрактыўныя метады — гэта адно, а калі іх прымяненне з’яўляецца натуральным сістэмным працэсам, гэта прыносіць іншы эфект. Сёння па-іншаму будаваць сваю работу ўжо не магу. Я ўпэўнена: гэты працэс павінен быць цэласным і сістэмным. Відэаролікі на маім канале, спадзяюся, могуць гэта пацвердзіць.


Відэа з YouTube-­канала Святланы Локіс: https://www.youtube.com/@Lokis_urok
 

— Вы можаце свой урок назваць паспяховым? Якія прыметы і складнікі вызначаюць яго паспяховасць?

— Крытэрыі паспяховага ўрока могуць быць абсалютна рознымі. Паспяховы ўрок — гэта калі ты выходзіш з кабінета, а дзеці працягваюць выконваць заданні, не рэагуючы на адсутнасць настаўніка. Таксама паспяховы той урок, падчас якога разгортваецца такая эмацыянальная і канструктыўная дыскусія, што педагог нават не адчувае ўзросту сваіх маленькіх апанентаў. Паспяховы ўрок — гэта калі ў канцы заняткаў дзеці не цікавяцца, якую адзнаку я ім пастаўлю. Паспяховым урок будзе і тады, калі вучні ра­зумеюць важнасць працэсу і выніку, але зусім не таго, які выяўляецца балам.

Сёння многа гаво­раць аб крытэрыях паспяховага ўрока. Гэта і мэтапастаноўка, і выніковасць, а таксама абавязковая зваротная сувязь, уменне навучэнцаў праводзіць рэфлексію сваёй дзейнасці і інш.

Думаю, у кожнага педагога ёсць свая формула адпаведных заняткаў. Мая формула паспяховага ўрока — гэта сума такіх складнікаў, як дзейнасць, адказнасць і выніковасць. Дабавім яшчэ невялікі працэнт эфектнасці, бо работа з навучэнцамі малодшага школьнага ўзросту падразумявае гульнявы кампанент. Такім чынам, трэба не проста вучыць, важна і тое, чаму і як ты вучыш.


Педагогу можна давяраць

— Падтрымліваць вучэбны інтарэс у дзяцей — ці складаная гэта задача?

— Кожны педагог ста­віць перад сабой мэту знайсці залаты ключык, які дапаможа адчыніць патаемныя дзверцы, за якімі хаваецца вучэбная матывацыя дзяцей. Тут таксама ў кожнага з нас ёсць свая формула поспеху. Камусьці пашчасціла ўжо знайсці запаветны ключык, а хтосьці самааддана працягвае яго шукаць.

Што тычыцца мяне, то з першай сустрэчы з дзецьмі стараюся выклікаць у іх прыхільнасць да сябе, стварыць атмасферу пазітыву, разняволенасці, каб дзіця адчула, што гэтай настаўніцы можна давяраць, яе не варта баяцца. Першыя месяцы вучобы імкнуся зра­біць незабыўнымі і камфортнымі, будуючы даверлівыя адносіны. Для гэтага абавязкова выкарыстоўваю шмат матывуючых ацэначных выказванняў. Калі дзіця паважае настаўніка і давярае яму, даражыць яго меркаваннем, значыць педагог пераадолеў палову шляху ў пошуках запаветнага залатога ключыка. Але, на жаль, ёсць шмат іншых фактараў, на якія нават самы вопытны і кампетэнтны педагог не можа паўплываць.

— Ці заўсёды, на вашу думку, адзнакі слу­жаць інструментам матывацыі для дзіцяці?

— Ніколі не раблю адзнаку прыярытэтнай у вучэбным працэсе. Мне падабаецца 1—2 клас, дзе навучанне ажыццяўляецца на безадзнакавым узроўні. Менавіта ў гэты перыяд імкнуся закладваць трывалы падмурак, заснаваны на адказнасці і прыняцці пазіцыі “вучуся не дзеля адзнакі”. 1—2 клас — гэта яшчэ і самы жыватворны перыяд для развіцця ў дзіцяці адэкватнай сама- і ўзаемаацэнкі, рэфлексіўных уменняў. Менавіта яны, на мой погляд, дапамага­юць навучэнцам фарміраваць адказнасць за сваё навучанне. Але не буду хаваць: пры ўсёй маёй карпатлівай працы ёсць дзеці, якія ўсё роўна мараць аб адзнацы, якія ўмовы я для іх ні стварала б.

— Наколькі прымальна прымяняць адзнакі ў якасці маніпуляцыі? Не сакрэт: здараецца так, што за дрэнныя паводзіны дзецям іх зніжаюць.

— Некалькі гадоў назад я ўдзельнічала ў круглым стале, дзе абмяркоўвалася тэма “Адзнака: пуга або пернік?”. Шмат пытанняў тычылася маніпуляцыі адзнакай. Тады мы гаварылі і аб бескарысным, і аб амаральным выкарыстанні адзнакі ў якасці сродку маніпулятыўнага ўздзеяння. Асабіста я ў сваёй практыцы лічу гэта непрымальным. Тут усё вельмі проста: даўно назіраю тэндэнцыю, што дзяцей у пачатковай школе ўсё менш палохаюць дрэнныя адзнакі. Чаму? Прыярытэты, каштоўнасці, устаноўкі сёння іншыя, не такія, як 20—30 гадоў назад, прычым як у бацькоў, так і ў дзяцей. Разам з тым нарматыўныя дакументы выразна рэгламентуюць крытэрыі ацэнкі вучэбнай дзейнасці, таму настаўніку прый­дзецца аргументаваць выстаўленую адзнаку.


Аўтарытэт выдатніка

— Што павінен уяў­ляць сабой урок у пачатковай школе? Гэта 45 мінут абсалютнай дысцыпліны, калі дзеці толькі слухаюць, а гаворыць педагог? Або падчас урока дапушчальны творчы беспарадак, падчас якога вучні ўступаюць у дыскусію з настаўнікам, будуюць дыялог?

— На ўроках у пачатковай школе павінен быць творчы беспарадак. Часам лаўлю сябе на думцы, што адчуваю няёмкасць перад вучнямі за тое, што на ўроку недастаткова арганізавана актыўнае і інтэрактыўнае навучанне і ўзаемадзеянне. Я ўпэўнена, што ва ўменні супрацоўні­чаць закладзены велізарны патэнцыял для паспяховай сацыялізацыі нашых дзяцей у будучым дарослым жыцці.

Ці важная дысцыпліна? Безумоўна, але тут трэба гаварыць пра самадысцып­ліну. Дысцыпліна — гэта калі хтосьці абавязвае да выканання строгіх і дакладных указанняў, рэгламентуе і ўстанаўлівае правілы, кантралюе іх выкананне. А самадысцыпліна — гэта здольнасць кантраляваць свае думкі, эмоцыі і дзеянні, каб дасягнуць асабістых мэт, захаваць засяроджанасць і ўмець супраціўляцца спакусам. Такім чынам, патрабаваць дысцыпліны прасцей, чым сфарміра­ваць навык самадысцыпліны. Прывяду маленькі прыклад. Усе дзеці на ўроку сядзелі ціха, затаіўшы дыханне, уважліва глядзелі на мяне. Як аказалася потым, за гэтай дысцыплінай хавалася абсалютная адсутнасць разумовай актыўнасці. Для мне як для настаўніка такая дысцыпліна не ўяўляе каштоўнасці. Што тычыцца развіцця самадысцыпліны ў вучняў, то гэта вельмі карпатлівая і доўгатэрміновая работа, таму педагогу трэба прая­віць цярпенне і вытрымку.

— Падчас урока арыентуецеся на сярэдняга вучня або на выдатнікаў?

— Я дзейнічаю па сі­туацыі. Бывае так, што і аўтарытэт выдатніка, і ўдалае выказванне маўклівага вучня, які часта памыляецца і няўпэўнены ў сваіх ведах, можа стварыць для мяне выдатную выхаваўчую сітуацыю, якой я тут жа скарыстаюся ў сваіх педагагічных мэтах.

Што тычыцца выдатнікаў, ва ўмелых руках дасведчанага педагога яны могуць стаць цудоўным матыватарам для іншых навучэнцаў і памочнікам настаўніка. Падкрэслю: усё, што робіць і гаворыць настаўнік, павінна быць на карысць усім вучням. Недапушчальна ўзвышаць, параўноўваць і вылучаць аднаго вучня з мэтай матываваць іншага. Гэта памылковая пазіцыя.

— Што робіце з ам­біцыямі бацькоў, калі яны патрабуюць ад дзіцяці больш, чым яно можа?

— У рабоце з бацькамі таксама вельмі важны аўтарытэт настаўніка і ўменне далікатна весці дыялог. Стараюся будаваць адносіны не з пазіцыі адзінага і безумоўнага знаўцы жыцця, які ўказвае, каму і як штосьці рабіць. Гэта выкліча толькі раздражненне, недавер і нежаданне мець зносіны. У нязмушанай гутарцы і пажадана з гумарам, абапіраючыся на свой жыццёвы і прафесійны вопыт, прыводжу прыклады і доказы таго, што пэўная пазіцыя аднаго з бацькоў не вельмі правільная. Добра працуе прыём, калі ты раішся з бацькамі, заклікаеш іх да сумеснага пошуку адказу або рашэння і тым самым абмяжоўваеш сваю адказнасць, дэлегуеш яе аднаму з законных прадстаўнікоў.

— Святлана Іванаўна, ці дзеліцеся вы як настаўнік-метадыст сваім вопытам з калегамі?

— Безумоўна! Гэта вя­лікая частка майго прафесійнага жыцця. Навучыўся сам — па­дзяліся з іншымі! Такі прынцып павінен быць у кожнага, хто дасягнуў у сваёй прафесіі пэўнага майстэрства. Падтрымка часам патрэбна не толькі маладым, але і дасведчаным калегам. Таму заўсёды з задавальненнем дзялюся вопытам, прымаючы актыўны ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцыях, семінарах, вэбінарах, якія праводзяцца ва ўстановах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Супрацоўнічала з АПА, МАІРА, БДПУ і інш. Прычым была як у ролі слухача, так і ў ролі спікера. Таксама з’яўляюся спікерам дыялогавых пляцовак па пытаннях адукацыі, удзельнікам творчых груп абласнога і рэс­публіканскага ўзроўняў. Гэта цікавы кірунак педагагічнай дзейнасці, які абавязвае мяне заўсёды быць у прафесійнай форме.

Крыніца: Настаўніцкая газета https://nastgaz.by/uroki-svyatlany-lokis-geta-ne-prosta-45-minut-z-padruchnikam-pedagog-aktyuna-karystaetstsa-ulasnymi-raspratsoukami/