Дзённік настаўніцы. 5 кастрычніка

Ганна Севярынец
05.10.2023

Скардзіцца мне ў прафесійным сэнсе нібыта няма на што: я цяпер сапраўды жыву і вальней, і прасцей, чым жыла, працуючы ў дзяржаўнай школе, асабліва цяперашняй.

Але іншы раз як накоціць... як нахлыне... Асабліва калі пабачу дзе зялёную школьную дошку, на якой крэйдай напісана. Здаецца, каб далі проста зайсці ў клас, агледзець дзяцей, прыкмеціць у імгненне, хто з чым прыйшоў, у каго які настрой, якой мне сёння быць, каб з імі зарыфмавацца.

Калі-небудзь я туды абавязкова вярнуся, у простую звычайную школу, да звычайных смалявіцкіх дзяцей. Вазьму сабе адзін пяты і два дзясятых. І нават, можа быць, класнае кіраўніцтва. Такую вось маю мару. Эх.

 

 

- Аня, а што гэта за кветка ў нас новая? - пытаецца муж.

- Гэта мне падарылі.

- О, і посуд нейкі прыгожы, не бачыў...

- Гэта таксама падарылі мне ўчора, - адказваю.

- Вось я не разумею, чаму людзі табе ўсё дораць і дораць...

- Дык я ж настаўніца, а днямі дзень настаўніка быў жа.

- Не, - задуменна кажа Юра, - справа не ў гэтым. Табе ўвесь час нешта дораць. Памятаю, з Грузіі перадавалі смачныя масліны, потым варэнне з шышак было, мёд нейкі незвычайны, соль адыгейская была... І ўсё табе падарылі... У цябе столькі вучняў няма, колькі падарункаў.

- Ну не ведаю, - я ўжо і сама пачынаю здзіўляцца, - можа быць, таму, што я беларуская пісьменніца? Шмат хто ў мемуарах згадваў, што беларускі пісьменнік з вуліцы з пустымі рукамі дадому не заходзіў - хтосьці яблыкаў насыпле, хтосьці ягад, хтосьці шмат сала дасць...

- Дык ты проста частка беларускай традыцыі? - супакойваецца Юра.

А я думаю, так, я частка традыцыі, прычым самая прыемная яе частка)

Пішу гэта ўсё, каб падзякаваць за падарункі, і колішнія, і цяперашнія, я іх кожны памятаю, берагу, ем, п'ю і агулам адчуваю традыцыю: не дадуць беларусы прапасці беларускім настаўнікам і пісьменнікам)