Дзённік настаўніцы. 28 кастрычніка

Ганна Севярынец
28.10.2023

28 кастрычніка

 

Два дні круціла сваю стужку ад канца і да самага пачатку па зразумелай беларускай патрэбе (людзі, гартайце свае стужкі, нават калі думаеце, што ўжо прагарталі, там шмат нечаканага). І пакуль гартала –  паглядзела на апошнія дзесяць гадоў свайго культурнага жыцця ў рэтраспектыве.

Так дзіўна! Былі, аказваецца, часы, калі імёны Дудара і Вольнага, Чарота і Таўбіна гучалі як навіна.

Былі, аказваецца часы, калі мне трэба было не тое што самой на эмоцыях, а з экспертамі і доказамі пераконваць сур'ёзных спецыялістаў у тым, што Дудар мог перакладаць з нямецкай і французскай сам, а не праз расейскі пераклад.

Былі, аказваецца, часы, калі я чамусьці пісала пра Дубоўку і Дудара па-руску.

Былі нават часы, калі я нічогенька не ведала ані пра Дубоўку, ані пра Дудара, а свет мой вычэрпваўся Пушкіным, Пастэрнакам і Ясеніным.

Былі часы, у якія я думала –  і не саромелася аб гэтым пісаць –  што беларуская культура бяднейшая за суседнія.

Чалавека з малпы зрабіла праца, а нармальнага філолага з мяне – беларуская літаратура:)

Зноў нараджаецца гэты дзень

Чырвоным ля сцен турмы.

А хто там ідзе, хто там ідзе?

А гэта ідзем – мы.

Мы –  недабітыя, недазабытыя,

Недачытаныя, недакаханыя,

І па імёнах неданазваныя,

Нерасстраляныя.

Горад, застыглы ў цяжкім сне,

Ты помніш нашу хаду.

Мы не сыходзілі з вуліц і не

Збылі сваю бяду

Вось табе спадчына з моваю матчынай,

Коштам апошнім так шчодра аплачана,

Ну выбачай, але нельга іначай,

Значыць.

Ціха нясуцца праз горад мой

здані ў серабры,

І зноўку знікаюць за той гарой,

у тым самым бары.

Сцежкі крыжовыя, шэрыя пожні,

Лісце апошняе, словы апошнія,

Самыя важныя. Кожнае.