Дзённік настаўніцы. 22-27 лістапада

Ганна Севярынец
28.11.2023

Дапамагаю Іллюху зрабіць дамашку па русліту: напісаць ліст да настаўніцы з апавядання "Урокі французскай". Бла-бла-бла, разбіраем сюжэт, і тут я забываюся адну важную дэталь:

- Сынок, а як гэта называлася тая гульня, у якую яны гуляліся? "Манетка" ці "капеечка", ці нешта такое?

- Зараз! - Ілля зрываецца з месца і бяжыць у свой пакой.

Пакуль ён туды бяжыць, я глытаю слёзы ўмілення, за спінай у мяне вырастаюць крылы, над галавой німб, і я думаю: "От жа, выхавала сыночка! Пабег у кніжку глядзець удакладняць! Не паленаваўся, не стаў пісаць бздуры! Можа, ён навукоўцам будзе? Прыстойным гэткім навукоўцам! Якая ж я маці-маладзец, ай-ай-ай, недарэмна жыццё жыву!"

Іллюха тым часам забягае ў пакой, і я чую адтуль:

- Аліса! Як называецца гульня з апавядання "Урокі французскай"? Дзякуй, Аліса!

 

 

Цэлую раніцу адшкрабала Іллюхавы красоўкі і бутсы, каб прыбраць да вясны. Асабліва бутсы. Ён у нас зацяты футбаліст, і бегаў з мячом да самага снегу. Абутак, канешне, увесь аблеплены восеньскім брудам, асабліва падэшвы: слой нейкай ліпкай зацвярдзелай брыды санціметры ў тры. Чакаць, пакуль сам памые, няма ўжо сіл.

Я і так, і гэтак, і у тазіку вымачвала, і палачкай калупала, і пазногцямі шкрэбала, і ледзь не зубамі грызла, але адчысціла. Сяджу, асэнсоўваю.

Падыходзіць Ілля. Увесь такі ласкавы! Увесь такі добранькі!

- Мамачка! Ты што, сама мае бутсы пачысціла?

-Так, - кажу без эмоцый, бо ўсе пакінула ў тазіку.

Іллюха мяне чмокае ў макаўку і пытаецца елейным голасам:

- І сабачае гаўно адшкрэбла?

 

- Мне ў дзённік заўвагу напісалі, – кажа Ілля.

- Гэта за што? – пытаюся з ветлівасці, бо Ілля ў нас шчэ той парушальнік дысцыпліны, і мяне мала што дзівіць.

- Ай, смяяўся.

- З чаго гэта?

- Ну... Мы там чыталі адно... Пра жырнага і дохлага.

- О Госпадзе... Што за фігня... Якога шчэ дохлага...

- Ну там на вакзале сустрэліся, раней у адным класе вучыліся, адзін жырны, другі дохлы...

- А, Чэхава чыталі, ці што?

- Не памятаю, але смешна было.

Во жыццё пайшло) Пасмяяўся над апавяданнем Чэхава – парушыў дысцыпліну) І гэта яны шчэ да Салтыкова-Шчадрына не дайшлі)