Дзённік настаўніцы. 6 снежня

Ганна Севярынец
07.12.2023

Цяпер такі час, што дзеці могуць расказаць мне значна болей пра новую беларушчыну, чым я ім. Увогуле часцяком мне падаецца, што мае цяперашнія вучні ўспрымаюць мяне не як крыніцу ведаў увогуле, а як крыніцу ведаў рэліктавых, старадаўніх, кшталту музея у гугл-міце. Мае дзеці ўсё яшчэ мяне любяць, але ў іх любові ўсё болей дарослай паблажлівасці.

- Маша! – пытаюся я ў адной сваёй дзяўчынкі, якая ўпэўнена перайшла на беларускую па жыцці і шпарыць на ёй так ліха, што я часам зайздрошчу (а я ж памятаю, як яна тры гады таму два словы па-беларуску звязаць не магла), - Маша, адкуль вы мову бярэце, вы ж кніжак не чытаеце!

- Як адкуль? З Твітара! – адказвае мне яна і скідвае цьмушчую цьму спасылак на іхныя там суполкі і абмеркаванні.

Яны паказваюць мне нейкія праекты, расказваюць пра імпрэзы, кідаюць у нашыя чаты новых паэтаў і музыкаў – часам зусім яшчэ зялёных, неапераных, але для іх – сваіх. Завабліваюць мяне ў цікток нейкімі надзвычай нетрывіяльнымі беларускімі відосікамі і натхняльнымі беларускімі ціктокерамі. Скажу вам праўду, тыя ціктокеры, якіх я асабіста ўсё яшчэ лічу тварам беларушчыны ў сацсетках, ужо даўно – старасветчына для маіх вучняў.

Сёння адна мая дзяўчынка паказала мне маладога хлопца, які спявае на вершы Караткевіча. Ну зусім маладога:) Мне яны ўсе – птушаняты. А між тым гэта тыя, на каго цяпер спадзеў.

Спасылку кіну  – паслухайце, які файны Ілля Шынкарэнка:)