Вынікі PISA 2022: чаму варта павучыцца ва ўстойлівых сістэм адукацыі

У цэлым даследаванне PISA 2022 зафіксавала "беспрэцэдэнтнае падзенне паспяховасці навучэнцаў" у краінах АЭСР. У параўнанні з 2018 годам сярэдняя паспяховасць знізілася на 10 балаў па чытанні і амаль на 15 балаў па матэматыцы. Аднак побач з гэтым шэраг краін змаглі захаваць або палепшыць вынікі навучання, справядлівасць у размеркаванні магчымасцей навучання і дабрабыт вучняў.

Аналіз паспяховых варыянтаў прывёў да наступных рэкамендацый.

1. Зрабіце школы даступнымі для вучняў

У краінах, якія ўдзельнічалі ў PISA 2022, па меншай меры палова навучэнцаў сутыкнулася з закрыццём школ пад час навучальнага году на тры месяцы і больш. Там, дзе школы не закрываліся, вынікі навучання больш высокія.

2. Дайце магчымасць атрымаць дапамогу настаўніка і падрыхтуйце вучняў да самастойнага навучання

Вучні, чые настаўнікі былі даступныя праз інтэрнэт, калі школы былі зачыненыя, атрымалі больш высокія балы і былі больш упэўненыя ў самастойным навучанні. Большасць з іх былі паспяховыя ў выкарыстанні лічбавых навучальных платформ і пошуку навучальных рэсурсаў.

3. Стварыце трывалую аснову для навучання і дабрабыту для ўсіх вучняў

У некаторых краінах АЭСР больш за дзесяць працэнтаў вучняў пакутуюць ад недахопу харчавання, у іншых краінах гэты паказчык меншы, але таксама складае да 3 працэнтаў. Кожны дваццаты — кожны дзясяты вучань (у залежнасці ад краіны) не адчувае сябе ў школе ў бяспецы.

4.  Абмяжуйце адцягненне ўвагі, выкліканае выкарыстаннем лічбавых прылад у класе

Вучні, якія праводзілі да адной гадзіны ў дзень на лічбавых прыладах для навучання ў школе, набралі ў сярэднім на 14 балаў вышэй па матэматыцы, чым студэнты, якія праводзілі ў прыладах больш часу. Прымусовая забарона выкарыстання мабільных тэлефонаў у класе можа дапамагчы паменшыць адцягненне ўвагі, але можа таксама перашкодзіць вучням самастойна рэгуляваць выкарыстанне прылад.

5. Умацоўвайце партнёрства паміж школай і сям'ёй і прыцягвайце бацькоў да зносінаў з дзецьмі

Вучні з больш высокай паспяховасцю паведамляюць, што іх сямейнікі рэгулярна праводзяць з імі час, размаўляюць з імі, пытаюцца, што яны рабілі ў школе.

6. Улічвайце ўзрост вучняў пры выбары ў розныя адукацыйныя праграмы

У адукацыйных сістэмах, дзе вучні адбіраюцца ў розныя навучальныя праграмы ў больш раннім узросце, назіраецца больш моцная сувязь паміж сацыяльна-эканамічным становішчам навучэнцаў і іх паспяховасцю.

7. Аказвайце дадатковую падтрымку вучням, якія маюць цяжкасці, замест таго, каб пакідаць іх на другі год

Сістэмы адукацыі, у якіх менш вучняў пакідаецца на другі год, як правіла, атрымліваюць больш высокія балы і дасягаюць большай сацыяльна-эканамічнай справядлівасці. У сярэднім па краінах АЭСР колькасць дадатковых заняткаў зменшылася ў перыяд з 2012 па 2022 год. Каля 30% навучэнцаў паведамілі, што настаўнік не займаўся з імі дадаткова і не тлумачыў незразумелы ім матэрыял.

8. Забяспечце кампетэнтныя высокаадукаваныя кадры і матэрыяльныя кампаненты навучання

У сярэднім дырэктары школ у 2022 годзе часцей паведамлялі пра недахоп педагагічных кадраў і радзей пра недахоп навучальных матэрыялаў, чым у 2018 годзе.

9. Рабіце школы цэнтрамі сацыяльнага ўзаемадзеяння.
У адукацыйных сістэмах, дзе ў перыяд з 2018 па 2022 г. узаемадапамога была больш распаўсюджаная, пачуццё гонару за прыналежнасць вучняў да пэўнай школы ўзмацнілася.

10. Сумясціце школьную аўтаномію і механізмы забеспячэння якасці

Чым большая аўтаномія прадастаўляецца школам, тым вышэй сярэдняя паспяховасць, але пры гэтым важна, каб органы адукацыі і школы супрацоўнічалі і мелі крытэрыі праверкі якасці.

Крыніца: https://www.oecd.org/publication/pisa-2022-results/#pisa2022results