Вызначэнне мэт. Тлумачэнне мэты ўрока вучням
Вядома, што калі вучні ведаюць і прымаюць мэту ўрока, яны вучацца больш матывавана. Вашы вучні павінны ведаць, што яны вывучаюць і навошта. Калі яны ведаюць мэту навучання, Вам лягчэй будзе разам ісці да яе дасягнення.
Выкарыстаем такое параўнанне: нейкі чалавек пайшоў на прагулку. Ён мог пайсці па розных сцежках, але не меў мэты сваёй прагулкі. Таму ён прайшоў па ваколіцах, але не пабачыў усіх цікавых месцаў, таму што нават не ведаў аб іх існаванні. У наступны раз чалавек даведаўся, што ў наваколлях ёсць вельмі цікавыя месцы для наведвання, запланаваў сваю вандроўку, распрацаваў маршрут і наведаў усё, што хацеў пабачыць.
Тое ж і з вучнем, які ведае толькі тэму ўрока, але не ведае яго мэту, не ведае, што ён павінен вывучыць і навошта. Калі мы адкрыем яму таямніцу, навошта мы вучымся, ён будзе нашым саюзнікам і яго можна будзе пераканаць паскорыць тэмп навучання або нейкі час засяродзіцца на важным пытанні.
Разуменне мэт урока вучнямі
Калі Вы ўжо вызначылі мэту ўрока, Вашу мэту, паспрабуйце выказаць яе на мове вучняў. Згадайце сабе аднаго з Вашых вучняў, які часта выклікае праблемы, і падумайце, ці сапраўды ён зразумее мэту, якую Вы прадставіце яму.
Каб стаць спецыялістамі ў фармулёўцы мэт урокаў на мове вучняў, можна патлумачыць мэту ўрока дзецям, а потым папрасіць іх, каб яны ў парах сказалі адзін аднаму, што зразумелі і сфармулявалі б гэтую мэту іншымі словамі. Так Вы пабачыце, ці ўсе вучні зразумелі мэту ўрока. Можна даць вучням самім сфармуляваць мэту, або вылучыць галоўнае з прапанаванай настаўнікам.
Паглядзіце некалькі прыёмаў пастаноўкі мэт на ўроках беларускай мовы, “Чалавек і свет” і матэматыкі, якія прапануе настаўнік-метадыст Святлана Локіс.
Настаўнік-метадыст Святлана Локіс мае 100 ролікаў на ўласным youtube - канале. Вы яшчэ не падпісаліся?
Вось спасылка: https://www.youtube.com/@Lokis_urok