15 прынцыпаў высокай якасці гістарычнай і грамадзянскай адукацыі і вывучэння спадчыны

Шаноўныя калегі! З радасцю дзелімся добрай навіной: на сайце Еўрапейскай асацыяцыі настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства https://euroclio.eu/ цяпер можна па-беларуску прачытаць Маніфест аб высокай якасці гістарычнай і грамадзянскай адукацыі і вывучэнні спадчыны (у меню можна выбраць мову дакумента).

Звяртаем увагу на іншыя матэрыялы сайта Еuroclio, якія будуць карысныя для настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства: канферэнцыі, вэбінары, воркшопы, стажыроўкі і інш.


 

Запрашаем да абмеркавання 15 прынцыпаў якаснай гістарычнай і грамадзянскай адукацыі і вывучэння спадчыны.


Маніфест аб высокай якасці гістарычнай і грамадзянскай адукацыі і вывучэнні спадчыны


15 прынцыпаў прызнання адметнага ўкладу гісторыі ў выхаванне моладзі

Прадухіленне злоўжыванняў мінулым
Комплексны характар – Шматракурснасць – Крытычнае мысленне


Прынцып 1

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны не маюць на мэце транслявання адзінай праўды пра мінулае. Аднак такая адукацыя імкнецца як мага бліжэй наблізіцца да гістарычнай праўды, грунтуючыся на цвёрдым падмурку фактаў і кваліфікаваных доказаў і праз імкненне да аб’ектыўнасці. Гэта стварае разуменне таго, што гістарычныя наратывы маюць некалькі ўзроўняў і спосабаў інтэрпрэтацыі, і стымулюе жаданне ставіць пад сумнеў гэтыя наратывы і думаць крытычна.

Прынцып 2

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны разбурае гістарычныя міфы і стэрэатыпы, пралівае святло на сапраўдную сутнасць традыцыйнага «люстэрка гонару і болю», спрыяючы тым самым імкненню выкладчыкаў і навучэнцаў ставіць пад сумнеў сваю ўласную логіку і культурныя ідыёмы. Гэтая традыцыйная мадэль створаная, з аднаго боку, вакол вобраза пакутаў нацыіі, а з другога боку, вакол разумення нацыянальнай годнасці, пры гэтым яна ігнаруе наратывы пра шкоду, прычыненую іншым нацыям, і гісторыю тых тэрыторый, якія не звязаныя з нацыянальным наратывам.

Прынцып 3

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны павышае ўзровень дасведчанасці асобы датычна таго, што мінулае ўспрымаецца па-рознаму ў залежнасці ад сацыяльнай прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнага пакалення і і гендару асобы, а таксама прыналежнасці да этнічных, моўных і рэлігійных супольнасцяў і розных светапоглядаў у грамадстве. Гэта заахвочвае асобу да прызнання таго, што людзей і падзеі неабходна ацэньваць у кантэксце іх каштоўнасцяў і часу.

Прынцып 4

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны разглядае далікатныя і супярэчлівыя тэмы гісторыі адказным чынам, каб падарваць уплыў аднабаковых, перадузятых і палітызаваных поглядаў на мінулае і давесці яго складаны і шматмерны характар. Гэта прадугледжвае пазбяганне эмацыйнай, суб’ектыўна-афарбаванай мовы, мовы варожасці і заахвочвае да выкарыстання бесстаронніх паняццяў, аднак без адбельвання і адчышчэння праблемных гістарычных наратываў з мэтай атрымання прыхарошанага (ружовага) вобраза мінулага.

Прынцып 5

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны спрыяе доўгатэрміноваму прымірэнню ў падзеленых грамадствах праз развіццё навыкаў эмпатыі і здольнасці не пагаджацца з тымі інтэрпрэтацыямі мінулага, што звяртаюцца да нянавісці і гвалту.


Прасоўванне інклюзіўнага падыходу да вывучэння мінулага
Разнастайнасць – Дыялог – Роўнасць


Прынцып 6

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны прызнае, што яе значэнне звязана з сучасным досведам і праблемамі, і таму скіравана на тое, каб дапамагчы навучэнцам зразумець свет, у якім яны жывуць, і падтрымаць іх арыентацыю на будучыню. Гэта, у прыватнасці, азначае перакананасць у тым, што вывучэнне мінулага – гэта інструмент для развіцця палітычнай і грамадзянскай свядомасці, які, такім чынам, інтэгруе гісторыю і грамадзянскую адукацыю як дзве школьныя дысцыпліны, якія суадносяцца адна з адною.

Прынцып 7

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны падае глабальныя перспектывы і ахоплівае некалькі аспектаў вывучэння мінулага: палітычны, сацыяльны, эканамічны, культурніцкі і экалагічны. Гэтая адукацыя ахоплівае вывучэнне ключавых падзей, а таксама падзей, якія маюць доўгатэрміновы ўплыў, і разглядае асноўныя тэмы, такія як: штодзённае жыццё, прырода, гендар, правы чалавека і міграцыя.

Прынцып 8

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны датычыцца мноства чалавечых каштоўнасцяў, перакананняў, поглядаў і схільнасцяў, такіх як: дэмакратыя, талерантнасць, павага да правоў чалавека, узаемаразуменне, сацыяльныя повязі, салідарнасць, свабода, мужнасць, роўныя магчымасці і адказнасць, але таксама любоў і сяброўства. Аднак яна таксама закранае негатыўныя паняцці, такія як: адмоўныя стэрэатыпы, забабоны, перадузятасць, ксенафобія, расізм, гвалт і нянавісць, з увагі на тое, што яны таксама з’яўляюцца часткай спектру чалавечых паводзінаў і патрабуюць рэфлексіі.

Прынцып 9

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны ахоплівае культурную, рэлігійную і моўную разнастайнасць як спосаб спрыяння мацаванню сацыяльным повязяў і інтэграцыі і стымуляванне міжкультурнага і міжрэлігійнага дыялогу.

Прынцып 10

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны выкарыстоўвае «гісторыю вакол нас» як магутны спосаб перадаць яскравае разуменне мінулага і ахоплівае спадчыну як унікальны доступ да гэтага мінулага праз яго матэрыяльную і нематэрыяльную спадчыну.


Развіццё інавацый у адукацыі
Уцягнутасць – Кампетэнцыі – Аўтаномія


Прынцып 11

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны грунтуецца на кампетэнцыях, уключаючы кагнітыўныя (веды), функцыянальныя (ужыванне ведаў), асабістыя (паводзіны) і этычныя (прынцыпы, якія кіруюць паводзінамі) кампаненты. Гэта прадугледжвае наданне аднолькавага значэння набыццю адпаведных патрэбнаму кантэксту ведаў і навыкаў, стаўленняў, перакананняў, схільнасцяў і каштоўнасцяў.

Прынцып 12

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны спрыяе развіццю ключавых кампетэнцый, такіх як: сацыяльныя і грамадзянскія кампетэнцыі, культурніцкая дасведчанасць і самавыяўленне, навучанне навыкам вучобы, лічбавая кампетэнцыя, развіццё ініцыятывы і прадпрымальнасці. Гэта таксама стварае глабальныя (міжпрадметныя) кампетэнцыі, такія як: крытычнае мысленне, крэатыўнасць, вырашэнне праблем і прыняцце рашэнняў.

Прынцып 13

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны развівае фундаментальныя навыкі мыслення і сістэму паняццяў: храналагічнае разуменне, гістарычнае значэнне, апора на сведчанні першакрыніц, інтэрпрэтацыя, прычына і наступства, змены і пераемнасць, параўнанне і кантраст, суперажыванне, факт і меркаванне, перадузятасць і аб’ектыўнасць. Гэтая адукацыя таксама разглядае сутнасныя паняцці, такія як: рабства, канстытуцыя, сацыялізм або дэпрэсія.

Прынцып 14

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны развівае здольнасць разумець і аналізаваць праблемы і падзеі; здольнасць шукаць, класіфікаваць, даследаваць і ацэньваць крыніцы лагічным і паслядоўным спосабам, што вядзе да высноўвання і прадукавання ідэй. Гэта таксама дапамагае набыць здольнасці выразнага выказвання праз падаванне ідэй і аргументаў у лаканічнай форме.

Прынцып 15

Высакаякасная гістарычная і грамадзянская адукацыя і вывучэнне спадчыны ўключае ў сябе педагагічныя і ацэначныя стратэгіі, якія стымулююць самастойнае навучанне, матывацыю і ўзаемадзеянне, выхоўваюць пачуццё адказнасці, імкненне да актыўнага ўдзелу, жаданне выяўляць ініцыятыву і падтрымліваюць камунікацыю і супрацоўніцтва. Гэтая адукацыя робіць акцэнт на развіцці дапытлівасці, самастойнасці, адкрытасці і транснацыянальнага мыслення, даследчыцкага духу і здольнасці думаць незалежна і процістаяць маніпуляцыям.

Спампаваць пдф-версію дакумента можна тут: https://euroclio.eu/wp-content/uploads/Belarussian_EuroClio_Manifesto.pdf?fbclid=IwAR240aQnupVvLq6_3gIY762xOpwIZn9es2occvvEKyk9Zd_6fzQxozfxhXs_aem_AagqC0Ps4nQ5XXToiwZYvx_iTyLnZZSjtXn6GPN5tDoXSdyk5wbn1XCpL4Ow0Zq-457VdfIoR0HlPDJs999xhHWX