Тата наш вельмі любіў спяваць. Але Божа ж ты мой, як жа смешна ён гэта рабіў! Такой адсутнасці музычнага слыху я не чула больш ні ў кога і ніколі. Тата не тое што фальшывіў ці плаваў у танальнасцях - ён проста разбураў усе законы фармавання гукаў, гаммаў і гукарадаў. Татаў спеў нагадваў... Ну не ведаю, як гэта апісаць словамі. Далібог, ваўкі выюць больш гарманічна, чымся наш тата спяваў песні.
Але пры гэтым ён спяваў з такой душой, так выразна, з такім унутраным сэнсам, што гадоў да трох я, прыкладам, думала, што ўвогуле так і трэба. Што гэта і ёсць спеў - гэтае меладраматычнае і вельмі рытмічнае завыванне.
Потым мы выраслі, ва ўсіх трох у нас выявіўся абсалютны слых, мы добра спяваем, лёгка раскладаем мелодыю на тры галасы, ніякіх праблем.
Але ўсё адно адказным за музыку і спевы ў нас быў тата. Спяваць на людзях ён моцна саромеўся, і звычайна за сталом ці на беразе рэчкі, дзе мы спявалі, ківаў галавой у такт, пагрукваў рукой па каленцы ў рытм, шавяліў вуснамі, але трымаў сябе ў руках.
А вось у ванне, калі шумела вада... Тата, прынамсі, напачатку, быў упэўнены, што яго не чутна. І адводзіў душу.
Госпадзе, што пачыналася ў хаце! Мама закрывалася на кухні і ўголас там рагатала. Мы бегалі з пакоя ў пакой і душыліся смехам. І чым болей разыходзіўся наш спявак, тым цяжэй было ўтрымацца ўжо ад слёз, так гэта было смешна, ажно балелі жываты.
Тата выходзіў надзвычай вясёлы, бо ўрэшце напеўся да знемажэння і адпрацаваў увесь свой немалы рэпертуар. Мы валяліся па пакоях, наплакаўшыся ад смеху, і былі таксама вельмі вясёлыя. Мама адварочвалася ў кут і хіхікала ў рукаў, бо тата рабіў выгляд, быццам бы нічога і не было. Харошыя былі вечары.
Потым нехта яму ўсё ж сказаў, што мы ўсё чуем. Тата пасмяяўся, і потым выходзіў з ваннай з сакраментальным голасным пытаннем: ну? як я пеў?
У яго быў вельмі каларытны наборчык любімых песень, і адна з іх раней была мне вядомая толькі ў татавым выкананні. Словы яе я памятаю, хоць ты ў ночы мяне расштурхай:
В кейптаунском порту
С пробоиной в борту
"Жанетта" поправляла такелаж.
Но прежде, чем уйти
В далёкие пути
На берег был отправлен экипаж...
І гэтак далей - шыкоўны тэкст, вельмі яго я люблю.
Але, як вы разумееце, мелодыя гэтай песні мне была невядомая. Ну то бок вядомая, у татавым выкананні, і паўтарыць яе ў мяне ніколі не атрымлівалася, бо як паўтарыць завыванне, клекатанне, скрыгат і глёкат?.
Сёння я выпадкам пачула яе ў стужцы - не памятаю, у каго. Пайшла пераслухала ўсе версіі - і арыгінальную, на ідыш, і ўсе каверы, і рускую версію, ужо са знаёмымі словамі, прачытала яе гісторыю, яшчэ раз праслухала ўсе магчымыя варыянты.
І ведаеце што? Усе спевакі малайцы, некаторыя нават сусветныя зоркі, але так файна, як спяваў гэтую песню наш тата - ніхто не спяваў. Нейкія праснакі, а не песня. Тая, у дзяцінстве, была памацней.