От вельмі карціць мне сёння расказаць, як я нараджала Іллюшку ў Новы год:)
Канешне, я не збіралася гэтага рабіць, і ўжо былі купленыя не толькі ўзгодненыя прысмакі для ўсёй сям'і на навагодні стол, але і нечакана – нават сапраўдны Кіеўскі торт, у той самай белай з зялёнымі лісточкамі скрыначцы. І ўвесь апошні дзень, канешне, быў распісаны па гадзінах, калі гатаваць, калі хаваць падарункі дзяўчатам пад елку, калі хуценька мыць галаву, калі накрываць і сервіраваць, і калі разам есці торт – таксама.
І вось я прачынаюся ў пяць раніцы гэтага адказнага дня, і разумею, што - капец, ніякага мне сёння навагодняга клопату. Трэба збірацца ў радзльню.
Але ж торт! Сапраўдны Кіеўскі!
Таму я ціхенька ўстала, каб нікога не будзіць, прабралася да лядоўні, і ў перапынках паміж схваткамі такі схамячыла дабрэнны кавалак. І толькі тады ўжо выклікала хуткую і пабудзіла мужа.
Хуткая прыехала і пытаецца: як даўно схваткі? Ды ўжо гадзіны дзве, кажу. А роды якія? Трэція.
– Ааааааа, вы с ума сошли! Возрастная повторнородящая! Почему так поздно???
І павезлі мяне з мігалкамі праз увесь Менск, з Уручча ў Серабранку, а ў Менску ў пераднавагоднюю раніцу пуста, а мы такія едзем, гудзім, мігаем, гэта было вельмі весела:)
Так мяне і называлі ўвесь гэты дзень у радзільні:
– Возрастная повторнородящая! Что вы ходите по коридору, у вас сейчас воды отойдут, а мне пол перемывай!
– Возрастная повторнородящая, что вы там? Готовы?
– Возрастная повторнородящая, доктор разрешил вам рожать самой!
– Возрастная повторнородящая, ну что? Давайте уже, праздник же!
А нам з Іллюхам што:) Мы торта Кіеўскага паеўшы, настрой у нас самы лагодны, падзея знаёмая, куды нам спяшацца, ды і было ясна, што Новы год у нас цяпер на ўсё жыццё – не проста Новы год, а падвойны:)