Дзённік настаўніцы. 7-9 студзеня

Ганна Севярынец
09.01.2024

Стаяла зараз на балконе і глядзела, як едуць машыны.

З майго балкона – дом на горцы, высокі паверх – бачная траса на Барысаў, і я заўважаю вашае аўто, як толькі вы мінаеце Курган Славы, а згублю, калі вы праедзеце нашае смалявіцкае возера. Гэта хвілін дваццаць вам ехаць.

А калі цёмна, то я бачу і тыя машыны, што паварочваюць на Усяж ці Лагойск, але там пачынаюцца горкі, і жоўтыя кропкі то знікаюць, то вынырваюць, а ёсць такая нейкая далёкая дарожка на ўзвышшы між лясоў, дзе падаецца, што аўто едзе па чорным небе.

Сёння як ніколі адчуваю, што мы ўсе – адно і разам, і тыя, хто тут, і тыя, хто там, і тыя, хто ў белым паліто, і тыя, хто не ў ім, у нас агульны боль, агульная надзея і агульная любоў. І, між тым, добра, што іншы раз раптоўна як пыхне нейкі агульны бульбасрач, бо ў гэтых сварах выпрацоўваецца нешта вельмі важнае для нас на агульную будучыню.

Я цябе люблю, стужка.

 

 

 

Чакала ўчора на сцюдзёным пероне электрычку і ляніва думала пра тое, што жыццё гэта "кантраляваная галюцынацыя", што нашыя рэальнасці насамрэч моцна адарваныя ад таго, што адбываецца, асабліва цяпер, калі псіхіка спрабуе адчайна нармалізаваць наваколле, і асабліва ў нас тут, калі для нармалізацыі патрэбна перакруціцца сто разоў вакол сябе, ну вось такое ўсялякае, бла-бла-бла, электрычка спазнялася, мароз мацнеў, і я стала перабіраць у галаве нейкія праявы рэальнасці, якія для ўсіх нас будуць аднолькавымі.

Вось, думаю, прыкладам, мароз. Як бы тое не было, калі халодна, то з большага ўсім халодна, і што такое -20 - так ці іначай разумеюць усе.

І ў той самы момант побач са мной на тым жа пероне пачалася прыглушаная сварка. Некалькі мужчын раптоўна перайшлі на падвышаны тон, і я пасунулася бліжэй паслухаць (заўсёды так раблю).

- Заўтра тэмпература будзе меней, я табе кажу!

- Ну як меней, калі болей, ну? Сёння -20, заўтра -8, гэта ж болей!

- Ты, бл .., у школе вучыўся? Дваццаць і восем! Заўтра меней!

І так яны ўпёрліся адзін у аднаго, што ажно крычалі, а потым спакайнейшы махнуў рукой і сказаў:

- Які ж ціжолы ты чалавек!