Дзённік настаўніцы. 24 студзеня

Ганна Севярынец
24.01.2024

24 студзеня

 

Дзякуй Katja Syurkova, што нагадала пра гэты мой стары верш. Як той казаў, актуальненька:) І, зноў жа, з рыфмай:)

Мой родны кут,

Куды я забілася пасярод болі й пакут,

І дзе можна яшчэ пастарацца прыняць такую паставу,

Каб крыху меней балела зверху, знізу, злева і справа,

І таму ў ім нельга глыбока дыхаць, вытыркацца й вярцецца,

Бо адразу пачынае ціснуць у пячонках і ў сэрцы,

Мой родны кут, дзе з паліц паглядаюць героі,

Не-героі, забітыя, забытыя, святыя і воі,

І елка, канешне, ў пары з хваіною,

Дзе кожнага дня агульную праўду нема крычыць Кастусь

(От ужо дзе ўдалая рыфма да слова “Беларусь”,

Бо класіка прапануе для Беларусі

“гусі”, “вярнуся” альбо “не вярнуся”,

А жыццё прапануе “упруся”, “ўберагуся”, “ў прымусе”),

Мой родны кут, небагаты, стакроць распяты,

Пакладзены мне лёсам пад пяты,

Кут, які забываюць у спічах згадаць прамоўцы,

А тутэйшы не забывае нават у цеснай дамоўцы,

Бо забыць цябе, як той казаў, проста не маюць сілы,

Бо сілы сышлі значна раней, чым ты сам дапоўз да магілы,

Ну і хай сабе, хіба не жылі мы бяз сілаў,

Дзяцей падымалі, гарады адбудоўвалі, балаты гацілі,

І ўсё без сілаў, без сілаў, на адной толькі мары аб волі,

Пакуль усе навокал крычалі: ды хто вы такія, даволі вам ужо, даволі.

А мы ўсё шавелімся, як той партызан у пятлі,

Не каля наля ўжо, а тупа на нулі. 

О такія ў нас справы, мой родны кут.

Але ты ўсё адно ня бойся. Мы тут.