Дзённік настаўніцы. 10 сакавіка

Ганна Севярынец
10.03.2024

Пахвалілася ўчора ў каментарах, што мяне ніколі ніводны мужчына не тое што не біў, але нават пальцам не дакрануўся - і потым успомніла, што ўсё ж было:)

Напішу пра гэты выпадак не дзеля таго, каб паскардзіцца, а раптам каму спатрэбіцца план дзеянняў, які я лічу вельмі ўдалым, хаця і радыкальным. 

Той адзіны выпадак, калі мяне штурхнуў хлопчык, здарыўся ў школе, я была настаўніца, а ён – пяціклашка. Штурхнуў ён мяне не выпадкова, а свядома, моцна, так, што я спатыкнулася і паляцела, ледзь утрымаўшыся на нагах - у адказ на неправільныя мае, з яго пункту гледжання, паводзіны. 

 Тыдых! - і вось я лячу праз школьны калідор у поўным шоку, бо і сапраўды, мяне ніхто ніколі не біў, не штурхаў і не прыкладаў да мяне сілы. 

Я, канешне, моцна разгубілася і некалькі хвілін проста не магла ачомацца. Як на такое мне рэагаваць? Што гэта было? Як увогуле на такое рэагуюць? Бо тут жа не проста пра нейкі канкрэтны гвалт, гэта дзіцёнак, хлопчык, з аднаго боку, нельга такое дараваць у імя ягоных будучых стасункаў з людзьмі, а з іншага – ну ёлкі-палкі, я дарослая мажная кабета, а ён – малая сапля. Якія рэакцыі? Зрабіць выгляд, што нічога не было, ды і ўсё. 

Алея ў вагонь падліў каментар ягонай класнай кіраўнічкі, да якой я прыйшла ў поўным афігеванні: "Ой, ну гэта ж Ваня, ён так заўсёды робіць". 

Ну тут мяне ўздыбіла, канешне, не на жарт. У сэнсе? Хлопец у пятым класе, ён заўсёды так робіць – і ніхто яго не спыніў? 

Ну, і тут да мяне прыйшло імгненнае рашэнне. 

Я пайшла да дырэктара, потым да школьнага псіхолага і прыхапіла з сабой класную. Выклікала з класа хлопчыка (я ўвогуле не люблю, калі шмат дарослых на аднаго малога, але). І сказала: "Так і так. Ваня мяне штурхнуў. Падняў руку на жанчыну. Калі да вечара перада мной не выбачацца паасобку сам Ваня, ягоная мама і ягоны тата, я вучыць яго не буду. Адказнасці за ягонае жыццё і здароўе я з сябе не здымаю, хай сядзіць у класе на асобным стульчыку, але вучыць яго – не". 

Дарослыя, трэба сказаць, разгубіліся болей за малога. Але выгляд у мяне быў такі, што не паспрачаешся. Таму класная патэліла бацькам, а пакуль яна тэліла, хлопчык выбачыўся. Я сказала: "Добра, твае выбачэнні я прыняла, але чакаю яшчэ тваіх бацькоў". 

Мама патэліла фактычна адразу. А тата – толькі позна ўвечары. Мы размаўлялі амаль гадзіну, бо ён мне тлумачыў, чаму і як гэта адбылося, што хлопчык бараніў асабістыя межы, што ў яго такі характар і што неважна, хто там мужчына, а хто жанчына. Так мне стала ясна, што праблема – вось яна, і таму не пашкадавала часу на гутарку. 

Напрыканцы гэтай няпростай гадзіны той тата раптам выкарыстаў самы, на яго погляд, моцны аргумент. Ён мне сказаў: "Ну ладна, я згодны, тут ён зрабіў няправільна, але! Я ганаруся, што мой сын ведае, чый Крым!"

Тут я папярхнулася, канешне. Нават страціла мову на хвіліну. І нават скацілася ў галімы пафас: "Я вам зараз скажу як жанчына і як маці, абсалютна неважна, што думае ваш хлопчык пра Крым, калі ён падымае руку на жанчыну". 

Тут тата выбачыўся, і гештальт быў закрыты. 

З хлопчыкам тым, між іншым, болей ніхто ў школе праблем не меў. Было прынята лічыць, што ён "перарос". Але:)