Настаўніцкая прафесія выпрацоўвае ў нас вельмі прыдатныя да цяперашніх часоў навыкі (як цяпер кажуць – скілы). Напрыклад, бязмежнае цярпенне. Ці, скажам, уменне зноў і зноў падступацца да вырашэння праблемы, ажно да таго моманту, пакуль ты яе не вырашыш. Яшчэ – разуменне, што вынік можа быць моцна адкладзены ў часе. Яшчэ – навык працаваць без спадзеваў на ўдзячнасць ці прызнанне сваёй ролі. Усё гэта вельмі дапамагае як у прафесіі, так і ў жыцці.
Але якім бы ты ні быў асам, і ў цябе, канешне ж, здараюцца выпадкі, калі ты адначасова губляеш і цярпенне, і надзею, і сілы, і жаданне бясконца рабіць адно і тое ж без відавочнага выніку.
Калі гэта здараецца падчас заняткаў, я раблю адно і тое ж. Жэст гэты аўтаматычны, і паколькі ў такую хвіліну я амаль не кантралюю сябе, то і ад дзяцей схавацца не магу. Я тады проста закрываю твар рукамі і некаторы час сяжу нерухома з закрытым тварам. Бо мне трэба перавесці дых, справіцца з сабой, набраць паветра, каб рушыць далей.
Думаю, што выглядае гэта як мінімум выразна, а ў некаторых выпадках – душараздзіральна:)
Прыкладам, сёння дзяўчынка, пабачыўшы мяне вось у такім гаротным стане, скамянелай і з закрытым тварам, усклікнула:
- Ганна Канстанцінаўна! Не рабіце так! Ну зрабіце што-небудзь іншае! Накрычыце на мяне лепей!
Эх, як жа мне захацелася крыкнуць! Крыкнуць што-небудзь кшталту "ну навошта людзі забіваюць іншых людзей", "чаму навокал столькі хлусні", "няўжо дабро пераможанае", альбо нешта такое ж бессэнсоўнае, бо стамляешся, канешне, найперш вось ад гэтага.
І я паддалася на ўгаворы дзяўчынкі, узняла рукі ўгару, затрэсла імі ў экран і крыкнула:
- Вы не маеце права забывацца на суфікс інфінітыва!
Мы доўга смяяліся абедзьве:)