Каманда Актыўнай ацэнкі звяртаецца да педагогаў-практыкаў АА.
Шаноўныя калегі!
Актыўная ацэнка - навучанне, заснаванае на аснове канструктыўнай зваротнай сувязі (Formative Assessment) дагэтуль знаходзіцца ў трэндах адукацыі ва ўсім свеце. Важнасць тэхналогіі АА толькі пацвердзілі новыя выклікі і наступствы пандэміі, глабальнага міграцыйнага крызісу з-за ваенных канфліктаў і прыродных катастроф, імклівага і супярэчлівага развіцця штучнага інтэлекту. Пра гэта сведчаць і вынікі навуковых даследаванняў, міжнародныя і нацыянальныя маніторынгі якасці адукацыі, рамачныя адукацыйныя дакументы і рэкамендацыі экспертаў. Асабліва адзначым патэнцыял і перспектыву фарміруючага ацэньвання ў праекце Канцэпцыі ўніверсальных кампетэнцый дзяцей і моладзі, распрацаванай Нацыянальным інстытутам адукацыі ў 2023 г.
Але, каб не стаяць на месцы, нам трэба аб'ектыўна ацаніць тое, што маем і вызначыць, якія тэмы мы далей возьмем для свайго прафесійнага развіцця. Гэта вельмі важна, бо адукацыя ва ўсім свеце ў апошні час пераглядае як змест, так і метады. Штучны інтэлект наступае на пяткі традыцыйнай школе, а дзеці і настаўнікі эмацыйна не вытрымліваюць шматзадачнасці і хуткіх зменаў. (Па дадзеных Міністэрства адукацыі 19 % дзяцей школьнага ўзросту з Беларусі маюць праблемы са здароўем - у абсалютнай большасці з ментальным. Школа пакуль не ведае, што з гэтым рабіць).
Мы прапануем актуалізаваць уласныя кампетэнцыі актыўнага навучання – запоўніць анкету прымянення метадаў, прыёмаў і тэхнік АА ў сваёй працы. Па выніках анкетавання плануецца правесці вэбінары ў фармаце ўзаеманавучання, падзяліцца досведам, дапаможнікамі і мануаламі пра сучасныя тэндэнцыі ў адукацыі і запатрабаваныя методыкі і стратэгіі навучання з фокусам на Актыўную ацэнку. Спадзяемся на наш агульны калектыўны розум.
Анкета прапануецца настаўнікам-практыкам, якія ў розныя гады навучаліся на дыстанцыйных курсах "Актыўная ацэнка" або праходзілі курсы павышэння кваліфікацыі па тэме фарміруючага ацэньвання ці самастойна вывучалі найбольш эфектыўныя методыкі актыўнага навучання. Для іх жа і будуць арганізаваны новыя курсы.
Спасылка на анкету https://forms.gle/ewuEDmpLdMbP9PmM6
Праводле публікацыі http://aacenka.by/?p=10367