Слухала сёння падкаст "Так склалася гістарычна" – пра Агова-1 (спасылка ў каментарах). Там вядзецца пра апошнюю археалагічную сенсацыю - хацела напісаць "беларускую сенсацыю", але яна сусветная, гэта адзін з самых старажытных археалагічных помнікаў ва Усходняй Еўропе, звязаны з людзьмі. Наогул і ў іншай Еўропе такіх помнікаў вобмаль. Прылады працы, якія там знаходзяць, датуюцца зусім неверагоднымі тэрмінамі: не маладзейшыя (падкрэслена, выдзелена чырвоным – не маладзейшыя) за 200 000 год. То бок людзі, якія, хутчэй за ўсё, мелі там нейкі палеалітычны заводзік па вырабе скрэблаў і вошчапаў (а там гаворка пакуль што не пра стаянку альбо паселішча, а менавіта пра індустрыю, масавы выраб прыладаў) – гэтыя людзі былі нават не неандэртальцы альбо краманьонцы, а нехта перад імі.
А ў мяне такая хіба мыслення – я ўсіх тутэйшых, любога кшталту, адразу лічу сваімі. У мяне вокамгненна пачынаюць хуценька вырастаць карані, карэнчыкі, пабегі, пачынаюць буравіцца тунэлі і дзірачкі, і цап – я ўжо там, вяду свой адлік ад іх.
І паколькі асноўны геалагічны слой, адкуль у мяне растуць пабегі ўніз, гэта ўсё ж Унорыца (на заходняй яе ўскраіне былі знойдзены рэшткі паселішча ўзростам 3000 гадоў), то я чарговы раз намацваю асаблівасці той глебы.
А асаблівасці такія. Унорыца, колькі пра яе вядома, заўсёды была сама па сабе. Сяляне тамтэйшыя былі казённыя, не запрыгоненыя, падаткі плацілі адразу ў казну. Калгаса там не было (быў вучгас ад тэхнікума). Немцы там ані ў першую вайну, ані ў другую не стаялі, нават паліцаяў не было. У цяперашнія часы туды нават не хочуць весці газ, хаця ўсе навакольныя вёскі, і справа, і злева, газіфікаваныя. Нейкі такі куточак, дзе так добра было ўва ўсе часы заваліцца за шчоку гісторыі і пераседзець. Не асобнаму чалавеку, канешне – прадзед мой прайшоў чатыры вайны (першую сусветную, савецка-польскую, фінскую і другую), дзед вярнуўся з фронта без нагі і з ордэнам, прабабка памерла ад тыфа, ды і цяперашнія Севярынцы як бы высунуўшы нос па самыя вушы жывуць у гісторыі), але роду – так, можна было перабіцца, ператрываць і працягнуцца.
А вы пытаецеся, чаму я тут. Я б, можа, і паляцела б куды, але ж у мяне цяпер карані ўжо да Агова-1)