Паколькі бацькі ўжо паціху пачынаюць пытацца наконт тэрмінаў падрыхтоўкі да ЦЭ наступнага года, падзялюся сваім бачаннем такіх тэрмінаў. Маё разуменне, канешне, тычыцца толькі рускай і беларускай моў, наконт іншых прадметаў – не ведаю. Але па мовах для мяне гэта выглядае так.
Калі школьная адзнака па прадмеце – шэсць і ніжэй, пачынаць варта ў верасні 10 класа. За два гады цалкам магчыма выйсці на гадавую выпускную дзявятку і бал ЦЭ вышэй за 80 – пры ўмове, што вучань матываваны, а не проста яго тата з мамай прымушаюць займацца.
Калі адзнака ніжэй за сем (пры ўмове, што адзнака гэтая больш-менш справядлівая, а не намаляваная) – трэба пачынаць падрыхтоўку летам пасля 10 класа. Спакойна, раз на тыдзень, за лета разабраць асноўныя раздзелы, а потым напрацоўваць навыкі і кантраляваць іх пры дапамозе РТ.
Калі адзнака – восем і вышэй, хопіць і года, пачынаць тады варта ў верасні апошняга класа.
Што тычыцца беларускай мовы – трэба разумець, што аб'ектыўна ЦЭ па беларускай – нашмат лягчэйшы. Я б назвала яго "ЦЭ здаровага чалавека" – там фактычна няма пастак і падвохаў, усё роўненька і лагічна. АЛЕ. Праблема гэтага экзамена ў тым, што дзеці, нават ведаючы тэорыю мовы, не валодаюць дастаткова лексікай, і часам проста не разумеюць сэнсу сказаў альбо тэкстаў. Тут трэба мець на ўвазе, што падрыхтоўка будзе эфектыўнай ТОЛЬКІ пры ўмове адначасовага чытання хаця б школьнай праграмы, а ў ідэале – і дадатковай літаратуры.
А так я для сябе ўжо вынайшла нейкую заканамернасць. 80 балаў ЦЭ – гэта тое, што можа гарантаваць любы больш ці менш дасведчаны настаўнік, бо 80 – гэта веды. А вось болей за 80 – гэта ўжо характар: уменне вучыцца, уменне канцэнтравацца, уменне рабіць і выпраўляць памылкі, не апускаць рук і прымаць парады.
Вось такія справы.
…
Іншы раз бывае, што самыя простыя, самыя банальныя рэчы чалавек кажа так, што ты раптам разумееш іх вагу і кошт. Так здараецца, калі чалавек іх не проста ляпае, абы нешта сказаць "у тэму", а – ад сябе, знутры. Не ведаю, як гэта патлумачыць.
"Аня, толькі не спыняйцеся, і ўсё, што вам трэба зрабіць, рабіце цяпер, сёння, у гэтую самую хвіліну, і ніколі нічога не адкладайце", – ЛМ паўтарала гэта так часта, што было бачна: гэта не проста словы.
А яшчэ неяк у апошнія разы я да яе прыехала – а яна ў вельмі добрым настроі. Яна ўвогуле не ныла, не скардзілася, заўсёды прымала гасцей вельмі годна, хаця апошні год фактычна не рухалася зусім. Але тут была нават вясёлая, жартавала, і мала што можна было разабраць, але чутна было па інтанацыі. Ой, кажу, як жа я радуюся, калі вы ў такім шыкоўным настроі!
І яна тады сказала вельмі ясна, разборліва, старанна вымаўляючы ўсе гукі: "Для чаго ж мы жывем, калі не для таго, каб радаваць адзін аднаго".
Я іншы раз думала: божа мой, якая страшная хвароба, якая страшная турма, турма ўласнага цела, ці ёсць нейкі сэнс у такім існаванні, у такой пакуце. А ён быў, і быў вельмі просты.